Успышка каранавіруса зарэгістраваная ў Веснаўскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Установа размяшчаецца ў Глускім раёне Магілёўскай вобласці. Пра гэта паведаміў ірландскі тэлеканал RTE са словаў старшыні Міжнароднага фонду “Дзеці Чарнобыля” Адзі Рош, якая 20 гадоў займаецца дапамогай інтэрнату.
Рош назвала сітуацыю крытычнай і заявіла, што некаторыя дзеці “ўжо моцна хворыя”. Па яе звестках, на каранавірус захварэлі як мінімум 13 дзяцей і 10 супрацоўнікаў дома-інтэрната. Гадаванцам інтэрната заражэнне нясе вялікую рызыку, бо ў іх цяжкая інваліднасць з нізкім імунітэтам, а таксама шэраг генетычных парушэнняў. “Іх шанцы на выжыванне будуць вельмі нізкімі”, — кажа Рош.
Яна дадае, што ў дзіцячым доме няма лекаў. Дырэктар установы звярнуўся ў дабрачынны фонд па абязбольвальныя, лекі ад кашлю і дэзінфікуючыя сродкі.
У Веснаўскім дзіцячым доме-інтэрнаце — 174 дзяцей і падлеткаў. Фонд “Дзеці Чарнобыля” апякуецца ім апошнія 20 гадоў.
Крыніца: “Еўрарадыё”