У санітаркі Вясноўскага дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця, што ў Глускім раёне на Магілёўшчыне, выявілі каранавірусную інфэкцыю. Кіраўніцтва кажа, што санітарна-эпідэміялягічная абстаноўка пад кантролем, інтэрнат працягвае працаваць, паведамляе Радыё Свабода.
Вядома, што ў інтэрнат выяжджаў з Магілёва інфэкцыяніст. Работніцу з каранавірусам шпіталізавалі.
«Так, у нас ёсьць работніца, якая захварэла на каранавірус, — пацьвердзіў дырэктар установы Вячаслаў Клімовіч. — Санітарка цяпер у бальніцы. За сытуацыяй сочаць усе службы».
Паводле яго, жанчыну забралі ў шпіталь, калі яна зьбіралася выходзіць на зьмену. Дагэтуль яе на працы ня бачылі пяць дзён. Ці працавала яна ў інтэрнаце зь вірусам, суразмоўца пэўна казаць не бярэцца.
«Інкубацыйны пэрыяд каранавірусу ж 14 дзён, таму гадаць можна па-рознаму…» — кажа ён.
Вясноўскі дом-інтэрнат за 18 кілямэтраў ад Глуску. У ім 170 гадаванцаў, якія маюць патрэбу ў спэцыяльным навучаньні, асаблівым клопаце, бытавым і мэдычным абслугоўваньні. У бальшыні бацькі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў ці самі адмовіліся ад дзяцей з асаблівасьцямі разьвіцьця.
Паводле дадзеных Мінздароўя Беларусі, на 20 красавіка ў Магілёўскай вобласьці было 265 пацьверджаных выпадкаў захворваньня на COVID-19
Матэрыял падрыхтаваны пры дапамозе інфармацыі БелаПАН.