Суд Дрыбінскага раёна павярнуў на дапрацоўку ў міліцыю адміністрацыйную справу за дызлайк у “Одноклассниках”. Неўзабаве пасля гэтага вечарам 12 снежня супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да дрыбінскага актывіста Андрэя Юркова, каб правесці агляд “сродкаў распаўсюду інфармацыйнай прадукцыі” і скласці новы пратакол.
Андрэй Юркоў13 снежня ў судзе Дрыбінскага раёна павінна была разглядацца адміністрацыйная справа А. Юркова, які абвінавачваецца ў парушэнні ч.2 арт. 17.11 КаАП Рэспублікі Беларусь (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а роўна выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства).
28 лістапада супрацоўнікі міліцыі склалі на Андрэя Юркова адміністрацыйны пратакол па ч.2 ст.17.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць». Лейтэнант міліцыі Станкевіч ў пратаколе пазначыў, што Юркоў размясціў «інфармацыйную прадукцыю уключаную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў (палатно чырвонага колеру з нацысцкай сімволікай).
Сам актывіст тлумачыць, што восенню гэтага года паставіў знак «Сумую» “Одноклассниках” на карцінку, дзе параўноўваліся савецкі і нацысцкі рэжымы. На малюнку было пазначана, што пад нацысцкім сцягам знішчана 35 мільёнаў савецкіх грамадзян. Ён напісаў у пратаколе, што нічога не размяшчаў на сваёй старонцы, а проста паставіў дызлайк пад матэрыялам.
Дрыбінскія міліцыянеры перадалі справу Юркова ў мясцовы суд. Аднак суддзя суда Дрыбінскага раёна Барыс Пігаль азнаёміўся з яе матэрыяламі і прыняў рашэнне павярнуць іх назад у Дрыбінскі РАУС для выпраўлення недахопаў.
Паводле пастановы суддзі Барыса Пігаля, ён прыняў рашэнне павярнуць адміністрацыйную справу на дапрацоўку ў міліцыю па фармальных падставах.
У прыватнасці, ч.2 арт.17.11 КаАП РБ прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства.
У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні гэта не было ўказана. Акрамя гэтага, апісанне абставін здзяйснення правапарушэння ў пратаколе не адпавядае дыспазіцыі ч.2 арт.17.11 КаАП РБ.
Там таксама не ўказана, “з дапамогай якіх сродкаў распаўсюджвалася інфармацыйная прадукцыя, а ў прыкладзеных да пратакола матэрыялах адсутнічае пратакол агляду сродкаў распаўсюду інфармацыйнай прадукцыі”.
Пасля такога рашэння суддзі дрыбінскія міліцыянеры вырашылі выпраўляць сітуацыю, каб усе роўна прыцягнуць А. Юркова да адказнасці. Вечарам 12 снежня яны завіталі на кватэру актывіста, каб правесці “агляд сродкаў распаўсюду інфармацыйнай прадукцыі” і скласці новы пратакол. Супрацоўнікі міліцыі паводзілі сябе карэктна, адзначае актывіст.
Праваабаронца «Магілёўскай вясны» Аляксандр Буракоў адзначае, што “адміністрацыйная справа з-за мема – гэта ўжо мем”.
“У спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў сапраўды ёсць забарона на чырвонае палатно са свастыкай. Але там маецца на ўвазе канкрэтна ануча, рэч, а не інтэрнэт-карцінка – інакш была б пазначаная хоць якая-небудзь гіперспасылка. Малюнак, які апынуўя ў стужцы Юркова, наогул адсутнічае ў спісе экстрым-матэрыялаў”, – лічыць Аляксандр Буракоў.
Андрэй Юркоў – добра вядомы ў Дрыбіне, Мсціславе і Горках грамадскі актывіст. На парламенцкіх выбарах 2019 года ён вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Горацкай выбарчай акрузе №82. Згодна афіцыйнай інфармацыі ЦВК, падчас гэтых выбараў за А.Юркова аддалі свае галасы 3 554 выбаршчыкі, што складае 7.21% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў акругі.
Ірына Беганкіна