У судзе Дрыбінскага раёна 25 лютага адбудзецца паўторны разгляд адміністрацыйнай справы мясцовага грамадскага актывіста Андрэя Юркова. Пра гэта “Магілёўскаму рэгіёну” паведаміў магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель.
Судовае пасяджэнне распачнецца 25 лютага ў 10 гадзін раніцы.
Нагадаем, што 6 лютага ў Магілёўскім абласным судзе адбыўся разгляд скаргі дрыбінскага актывіста Андрэя Юркова на пастанову суда Дрыбінскага раёна па адміністрацыйнай справе за распаўсюд экстрэмісцкай сімволікі паводле ч.2 арт.17.11 КаАП. 23 снежня суд Дрыбінскага раёна пакараў штрафам у 10 базавых велічынь (255 рублёў) Андрэя Юркова за эмодзі “сумую” ў сацыяльнай сетцы “Одноклассники”.
Суддзя Барыс Пігаль палічыў, што паставіўшы значок “сумую” пад ілюстрацыяй, дзе параўноўваліся савецкі і нацысцкі рэжымы, Андрэй Юркоў распаўсюдзіў экстрэмісцкую сімволіку і такім чынам здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне. На ілюстрацыі ў “Одноклассниках” утрымліваліся выявы савецкай і нацысцкай сімволікі, пасля таго, як актывіст націснуў “сумую”, дзякуючы алгарытму сацыяльнай сеткі допіс аўтаматычна з’явіўся на яго старонцы.
Суддзя Магілёўскага абласнога суда Аляксандр Іванкоў, заслухаўшы довады А. Юркова і кіруючыся п.3 ч.1 арт 12.9 ПВКоАП РБ, прыняў рашэнне адмяніць пастанову суддзі Барыса Пігаля аб пакаранні А. Юркова штрафам у памеры 10 базавых велічынь, і накіраваў адміністрацыйную справу ў адносінах актывіста ў суд Дрыбінскага раёна на новы разгляд другому суддзі.
25 лютага суд Дрыбінскага раёна паўторна разгледзіць адміністрацыйную справу Андрэя Юркова. Сам А. Юркоў лічыць, што ў яго дзеяннях адсутнічае склад адміністрацыйнага правапарушэння, а справа была палітычна матываванай. Магілёўскія праваабаронцы мяркуюць, што прыцягваць актывіста да адміністрацыйнай адказнасці не было за што, бо ён не меў намеру здзейсніць нейкія супрацьпраўныя дзеянні і малюнак, пад якім Юркоў паставіў значок “сумую”, не ўваходзіць у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў Міністэрства інфармацыі РБ.
Андрэй Юркоў – добра вядомы ў Дрыбіне, Мсціславе і Горках грамадскі актывіст. На парламенцкіх выбарах 2019 года ён вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Горацкай выбарчай акрузе №82. Згодна афіцыйнай інфармацыі ЦВК, падчас гэтых выбараў за А.Юркова аддалі свае галасы 3 554 выбаршчыкі, што складае 7.21% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў акругі.
Сяргей Семяновіч