Летась 15 кастрычніка 2020 года раптоўна пайшоў з жыцця выдатны кампазітар, народны артыст Беларусі, ганаровы грамадзянін Глускага раёна Валерый Іваноў. Сёлета імя вядомага кампазітара прысвоена Глускай дзіцячай школе мастацтваў, і ў памяць пра яго ўсталявалі інфармацыйную дошку. Пра гэта паведамілі галоўныя інфармацыйныя рэсурсы вобласці, але не заўважыў сайт райвыканкама.
Валерый Іваноў нарадзіўся 4 студзеня 1948 года ў Глуску, вучыўся ў сярэдняй школе № 2. Ён скончыў Беларускую кансерваторыю, дзе пасля выкладаў. Наш зямляк доўгі час узначальваў музычнае вяшчанне Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, стаў аўтарам інструментальных і вакальных твораў, мелодый да спектакляў, кінафільмаў і радыёпастановак. У 1988 годзе Валерый Кірылавіч Іваноў атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, у 1998 годзе – званне народнага артыста Рэспублікі Беларусь, а ў 2000 годзе яму было прысвоена званне ганаровага грамадзяніна Глускага раёна.
Валерый Іваноў быў аўтарам вакальна-сімфанічнай паэмы “Элегія аб чацвёртай бярозе” на вершы Максіма Танка, сімфанічнай паэмы “Прысвячэнне старому гораду”, цыкла музычных карцін “Зямля бацькоў”. Ён аўтар музыкі да папулярных мастацкіх фільмаў “Ціхія троечнікі”, “Фруза”, “Павадыр”. Шырока вядомым таленавіты кампазітар стаў найперш дзякуючы на першы погляд немудрагелістым спевам, якія па-сапраўднаму кранаюць душу і сёння: “Каханая”, “Бацькоўскі зруб”, “Гуляць дык гуляць”, “Раз ды разок”, “Ты ды я ды мы з табой”. Яны ўвайшлі ў рэпертуар вядомых беларускіх выканаўцаў і па праве заслужылі шырокае народнае прызнанне. Дзякуючы яго сачыненням сталі вядомы такія эстрадныя выканаўцы, як Любоў Успенская, ансамблі “Сябры” і “Верасы”.
Сам Валерый Кірылавіч быў вясёлым, актыўным, неабыякавым, жыццярадасным чалавекам. Ён шчыра любіў сваю малую радзіму і часта прыязджаў на родную Глушчыну і прызнаваўся, што менавіта “яна яшчэ ў дзяцінстве дала яму творчыя крылы”.
Мемарыяльную дошку (па мастацкіх якасцях ёй больш падыходзіць найменне “інфармацыйная”) Валерыю Іванову размясцілася на будынку былой Глускай музычнай школы – цяпер школы мастацтваў, якая названа ў гонар славутага земляка, і адкрылі ў Глуску 26 студзеня. Удзел у цырымоніі таксама прынялі ўдава кампазітара чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Алена Бялова і народны артыст Рэспублікі Беларусь Анатоль Ярмоленка.
Нечакана ўдзел у адкрыцці прыняў сам старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачэнка. Таямніца адкрылася, калі ў сваёй прамове кіраўнік Магілёўшчыны падкрэсліў сімвалічнасць гэтай падзеі – яе суаднесенасць з Годам гістарычнай памяці. Асабліва каштоўна, на думку Анатоля Ісачэнкі, што мэтанакіраванаму правядзенню дзейнасці па захаванні гістарычнай памяці беларускага народа нададзена канстытуцыйная значнасць: “У Год гістарычнай памяці гэта як ніколі актуальна і сімвалічна”.
Пасля адкрыцця дошкі ў раённым цэнтры культуры і вольнага часу “Арыён” прайшла вечарына памяці, прысвечаная Валерыю Іванову, а ў Глускім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася фотавыстава, прысвечаная вядомаму кампазітару, на якой можна ўбачыць рэдкія кадры з яго жыцця.
Не хочацца падавацца задужа прыдзірлівай, але па невядомых прычынах пра адкрыццё інфармацыйнай дошкі паведамілі абласныя інфармацыйныя рэсурсы, але не заўважыў сайт Глускага райвыканкама. А на абласных афіцыйных каналах пад паведамленнем выстаўлены шматлікія фотаздымкі многіх магілёўскіх чыноўнікаў, але не знайшлося месца фотаздымку земляку, памяць якога яны прыехалі ўшаноўваць. Затое не забылі засвяціліся тут і прымазаліся да памяці вялікага чалавека як чыноўнікі вертыкалі, так і адзін нядобра вядомы магілёўскі палітык, які па сумяшчальніцтву яшчэ і гісторык. Што тут скажаш… Усё і так зразумела.
Тася Лемон