У інтэрнэце з’явіўся кароткаметражны фільм “1blin” пра жыхароў Краснапольскага раёна Беларусі. На YouTube яго выклаў рэжысёр Антось Сівых.
“Прыйшла радыяцыя і прынесла шмат перамен, — піша ён. — Апошнія жыхары вёсак жывуць быццам у паралельнай рэальнасці, але яна не настолькі змрочная, як можа падацца”.
Фільм — дакументальны. Здымкі праходзілі падчас этнаграфічнай экспедыцыі “Краснаполле-2019”. Як адзначае рэжысёр, гэты рэгіён пацярпеў не толькі ад Чарнобыля, але і ад эканамічнага заняпаду.
Карціна складаецца з шэрагу гісторый уперамешку з песнямі. Разам яны расказваюць пра жыццё вяскоўцаў у мінулым і цяпер. Многія жывуць наводшыбе, у забруджаных радыяцыяй месцах, але гэта не замінае ім смяяцца нават з самых сур’ёзных рэчаў, паведамляе Еўрарадыё.