У Касцюковічах мясцовае кіраўніцтва вырашыла паставіць цэлы шэраг паркавых лавак з назвамі розных дзяржаўных арганізацый. Прыцягваюць увагу не толькі каваныя аснаванні лавак з дэкаратыўнымі элементамі, але і назвы розных арганізацый Касцюковіцкага раёна.
Напрыклад, лаўка з каваным найменнем арганізацыі “КСУП Демидовичский” знаходзіцца ў невялікім гарадскім парку. Там жа знаходзіцца яшчэ адна малая архітэктурная форма з найменнем “КСУП Белая Дуброва”. Гэтаму арыгінальнаму падыходу цяжка нават даць ацэнку. Няўжо такім чынам было вырашана нагадаць пра існаванне ў Касцюковіцкім раёне пра “коммунальные сельскохозяйственные унитарные предприятия»? Калі меркаваць па сумнаму становішчу сельскай гаспадаркі па Магілёўшчыне ў цэлым, то пра такія прадпрыемствы нават у Касцюковічах шмат хто не ведае. Калі так, то падыход неблагі. Больш за тое, на адной з цэнтральных вуліц горада размешчана яшчэ адна лаўка з каваным найменнем “ЖКХ”, якая асабліва не здзіўляе, бо камунальныя службы ёсць у кожным горадзе, хаця і прыцягвае ўвагу, бо з двух бакоў аздоблена прыгожымі кветкамі.
Алесь Крыжэвіч