Галоўная » «У краіне адбываецца прававая сваволя дзяржавы». Чаму звольніўся намесьнік дырэктара магілёўскага музэю, а супрацоўнікі гатовыя да страйку

«У краіне адбываецца прававая сваволя дзяржавы». Чаму звольніўся намесьнік дырэктара магілёўскага музэю, а супрацоўнікі гатовыя да страйку

29-гадовы намесьнік дырэктара Яўген Балбераў звольніўся на знак пратэсту супраць гвалту сілавікоў. Сваё рашэньне ён называе «маральна-валявым учынкам».

Тым часам частка калектыву музэю ў адкрытым лісьце заявіла аб намеры распачаць забастоўку і заявіла аб «салідарнасьці зь мірнымі пратэстоўцамі». Супрацоўнікі музэю асудзілі «нематываваную жорсткасьць прадстаўнікоў сілавых структураў» і адзначылі, што «грамадзяне не адчуваюць сябе ў бясьпецы». Зварот адрасавалі грамадзянам, установам культуры, органам заканадаўчай і выканаўчай улады. Сярод патрабаваньняў:

  • Адстаўка Аляксандра Лукашэнкі з пасады прэзыдэнта;
  • Спыненьне гвалту і расьсьледаваньне ўсіх выпадкаў гвалту;
  • Вызваленьне ўсіх палітзьняволеных і затрыманых падчас выбарчай кампаніі і пратэстных акцыяў;
  • Правядзеньне новых, сумленных, справядлівых выбараў.

Вядома, што зварот падпісаў і дырэктар музэю Аляксей Бацюкоў. Ён устрымаўся камэнтаваць сваё рашэньне Свабодзе.

Ля ўваходу ў музэй: зьлева Яеген Балбераў, справа: дырэктар музэю Аляксей Бацюкоў (фота з архіву Яўгена Балберава)

 

«Каб мець чыстае сумленьне перад забітымі, зьнявечанымі ды пабітымі»

Ягоны былы намесьнік Яўген Балбераў кажа, што наважыўся на звальненьне яшчэ 14 жніўня. Ён прызнаецца, што падзеі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў змусілі яго перагледзець уласнае жыцьцё апошніх гадоў. Рашэньне звольніцца — мой маральна-валявы ўчынак, адзначае суразмоўца.

«Калі працуеш у дзяржаўнай арганізацыі, то супрацоўнікаў змушаюць гаварыць на „крамольныя палітычныя тэмы“ на кухнях, — тлумачыць ён. — Казаць уголас, публічна такой магчымасьці нас пазбаўляюць. Мне стала сорамна, што за гады працы ў музэі я так сябе паводзіў. Каб застацца чалавекам, грамадзянінам, мець чыстае сумленьне перад забітымі, зьнявечанымі ды пабітымі я зрабіў гэты ўчынак».

Яўген дадае, што ягонае рашэньне і ўчынак салідарнасьці з дырэктарам музэю з Ваўкавыску Канстанцінам Шышмаковым, якога знайшлі памерлым неўзабаве пасьля выбараў, а таксама родным братам Аляксандрам, які вымушаны быў звольніцца пасьля пратэсту супраць гвалту з магілёўскага мастацкага музэю імя Масьленікава.

Яўген Балбераў працаваў у музэі Магілёва з красавіка 2016 году. Зь лютага 2020-га прызначаны намесьнікам дырэктара. Ён скончыў гістарычны факультэт унівэрсытэту імя Куляшова і мае ступень магістра гістарычных навук.

 

Што сьвяткаваць, калі ідзе вайна з уласным народам

Яўген Балбераў на былым працоўным месцы

Яўген кажа: з 20 супрацоўнікаў музэю наважыліся падпісаць зварот да ўладаў шасьцёра. Паводле яго, большая частка калектыву баіцца рэпрэсіяў і ня верыць у моц салідарнасьці. Ён лічыць: калі сытуацыя ў краіне ня зьменіцца, то падпісантаў чакаюць гутаркі з чыноўнікамі і пошук тых, хто стаў ініцыятарам паўстаньня ў музэі.

«Разам з тым зварот складзены досыць вытрымана. У ім няма перагібаў. Падпісанты спасылаюцца на 41-ы артыкул Канстытуцыі, які дае права на забастоўку, таму спадзяюся, што калектыў ня стануць рэпрэсаваць», — адзначае суразмоўца.

Яўген прызнаецца, што вагаўся, ці не застацца з калектывам, каб разам зь ім бараніць грамадзянскую годнасьць, аднак вырашыў: далей займаць пасаду намесьніка дырэктара немэтазгодна.

«Неўзабаве адбудзецца сьвята беларускага пісьменства ў Бялынічах, таму ў мяне паўстала пытаньне, ці ўдзельнічаць у ім, — тлумачыць ён. — Сьвята безумоўна добрае, але пра якое сьвята можна гаварыць, калі, як напісала пісьменьніца Натальля Батракова, ідзе вайна з уласным народам, а мы тым часам будзем дэманстраваць, што ў нас усё квітнее і даведзена да ладу. У гэтым я не жадаю ўдзельнічаць».

 

Спачатку мясцовыя ўлады былі ў разгубленасьці, а цяпер вярнуліся да запалохваньня, забаронаў

Яўген кажа, што пасьля падачы заявы на звальненьне чыноўнікі гарвыканкаму не спрабавалі высьветліць прычыны ягонага ўчынку. На ягоную думку, адсутнасьць рэакцыі мясцовых службоўцаў на падзеі ў краіне сьведчыць пра іхныя маральныя якасьці.

«Калі б яны думалі пра разьвіцьцё культуры ды іншых сфэр грамадзкага жыцьця, каб думалі пра супрацоўнікаў, калектывы і даражылі імі, то маглі б ініцыяваць абмеркаваньне сытуацыі, абмяняцца думкамі, але гэтага ніхто не зрабіў, — разважае суразмоўца. — Спачатку яны разгубіліся былі, а потым пачалі дзеіць паводле звыклага свайго шаблёну: забараняць, запалохваць, хапаць на вуліцах. Я згодны з Паўлам Латушкам, які сказаў, што закон перастаў працаваць. Тое, што цяпер адбываецца, цяжка назваць палітычным працэсам, гэта відавочная прававая сваволя з боку дзяржавы».

Музэй гісторыі Магілёва вылучаецца тым, што вяртае беларускай культуры гістарычныя артэфакты. Сярод экспанатаў — Статут Вялікага Княства Літоўскага, які набылі талакою.

«Калі распачнуцца рэпрэсіі супраць калектыву, то мы можам ставіць крыж на вяртаньні каштоўнасьцяў, правядзеньні цікавых імпрэзаў, — падсумоўвае гутарку Яўген Балбераў. — Улада тым самым пакажа што ёй не патрэбная ні культура, ні адукаваныя творчыя людзі, якія робяць карысную і вельмі важную для краіны справу».

Фота: Радыё Свабоада

Крыніца: Радыё Свабода