У розных частках Крычава масава зразаюць дрэвы розных парод і ўзросту.
Адзначу, што зразаюцца дрэвы, якія знаходзяцца каля дарогі і могуць гіпатэтычна ўяўляць небяспеку для розных транспартных сродкаў. Калі ж паглядзець рацыянальна, то многія дрэвы асабліва ніякай пагрозы не нясуць, а спілоўванне дастаткова прыгожых раслінаў хутчэй шкодзіць экалогіі Крычава.
Тым не менш, цяперашні старшыня Крычаўскага райвыканкама Седукоў пастанавіў масава выразаць дрэвы камунальным службам. Прычым масштабы ў межах гораду настолькі вялікія, што прыйшлося перагарадзіць цэнтральную дарогу і спыніць рух транспарта. Уздоўж дарог пілуюць абсалютна любыя дрэвы, нават акацыю, шыпшыну, бэз і іншае кустоўе, а вуліцы горада становяцца проста лысымі. Вялікія адлегласці вуліц сталіся без зялёных насаджэнняў і глядзяцца сумнавата і шэра.
У некаторых частках гораду зразаюць нават дэкаратыўнае кустоўе. Маразам дайшоў да такой ступені, што зразаюцца нават тыя дрэвы і кустоўе, якія садзіліся жыхарамі дамоў для ўпрыгажэння дваровай тэрыторыі. Натуральным чынам, людзі незадаволеныя, скардзяцца, аднак іх галасы раённая “ўлада” не чуе і не жадае гэтага рабіць. Відавочна, што мясцовыя вертыкальшчыкі не цікавяцца і не дбаюць пра экалогію, і выгляд гарадской прасторы, а думаюць, як дагадзіць вышэйшаму кіраўніцтву, паказваючы сваю бурную працу па ўпарадкаванні тэрыторыі Крычава.
Мяркую, менавіта такой матывацыяй кіруецца старшыня Крычаўскага райвыканкама Андрэй Седукоў, які вырашыў паказаць свае здольнасці “крэпкага хазяйственніка”, каб на версе не сумняваліся ў яго прызначэнні.
Вось і атрымоўваецца, што дзякуючы мясцовым вертыкальшчыкам псуюцца гарадскія краявіды і экалогія, якія іх абсалютна не цікавяць.
А. К-ч