Супрацоўнікі Крычаўскага РАУС 25 сакавіка займаліся сваёй любімай справай – папярэджвалі аб адказнасці журналістаў і грамадскіх актывістаў. Складваецца ўражанне, што мясцовым міліцыянтам больш няма чым займацца, бо сапраўдных злачынцаў у горадзе не засталося.
Вечарам 25 сакавіка, каля 17:00, на кватэру галоўнага рэдактара крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага завітаў капітан міліцыі Аляксей Канашэнка. Ён пад роспіс уручыў журналісту позву, згодна якой Няроўны ў гэты ж дзень павінен з’явіцца ў 18:00 у Крычаўскі РАУС у якасці сведкі да капітана Ільіна. Па якой справе выклікаюць журналіста, супрацоўнік міліцыі патлумачыць не здолеў.
Як чалавек законапаслухмяны, Сяргей Няроўны прыйшоў у Крычаўскі РАУС у пазначаны час. Там доблесныя крычаўскія міліцыянты доўга не маглі адказаць на простае пытанне, каму ж спатрэбіўся “злосны парушальнік” Няроўны.
Нарэшце прыйшоў капітан Ільін, які нібыта і выклікаў Няроўнага ў міліцыю, і паабяцаў схадзіць да начальніка Крычаўскага РАУС, каб удакладніць, куды журналісту патрэбна прайсці.
Пасля гэтага Няроўнага запрасіў да сябе ў кабінет намеснік старшыні Крычаўскага РАУС, падпалкоўнік міліцыі Генадзь Андрэйчыкаў. Там высветлілася, што галоўнаму рэдактару “Вольнага горада” хочуць вынесці чарговае пісьмовае папярэджанне, ужо чацветае па ліку.
Якім чынам Нярооўны парушаў заканадаўства, міліцэйскі начальнік патлумачыць так і не здолеў. Паводле падпалкоўніка, папярэджанне выносіцца толькі таму, што адбыліся змены ў КаАП РБ, і змяніліся пакаранні па пэўных яго артыкулах.
Галоўны рэдактар “Вольнага горада” падпісаў папярэджанне, пазначыўшы ў дакуменце, што ён з ім катэгарычна нязгодны, бо недапускаў ніякіх парушэнняў заканадаўства.. Пасля гэтага журналіста адпусцілі.
Па звестках крычаўскіх журналістаў, на 25 і 26 красавіка ў мясцовы РАУС таксама выклікалі шэраг грамадскіх актывістаў. Сяргей Няроўны мяркуе, што гэта чарговая акцыя запалохвання з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Іван Барысаў