Галоўная » У Крычаве няспынны снегапад абмежаваў рух машын і пешаходаў

У Крычаве няспынны снегапад абмежаваў рух машын і пешаходаў

Моцны снегапад у Крычаве, які пачаўся ўвечары 11 лютага 2021 года, працягваецца ўжо цэлых два дні, што прывяло да транспартнага калапсу ў горадзе.

Аўтобусы па маршрутах ходзяць рэдка, часта захрасаюць, не даязджаючы да месца назначэння. Трактары зрэдку спрабуюць дапамагчы прарвацца гарадскому транспарту праз занесеныя снегам дарогі. Аднак тэхнікі, якая б чысціла гарадскія вуліцы, практычна не бачна. Нават цэнтральныя вуліцы (Камсамольская, Ленінская, Маскоўская) моцна засыпаны снегам, аднак па іх часам ходзіць траспарт. Зрэдку ездзіць маршрутнае таксі – ледзь не адзіны варыянт перасоўвання па горадзе.

Шматлікія вуліцы горада занесены снегам настолькі, што машыны па іх не могуць ездзіць, захрасаючы ў сумётах. Прычым замеценасць вуліц настолькі моцная, што людзі проста пакідаюць свае машыны, без надзеі праехаць на транспартным сродку. Каля прадуктовых крамаў самі супрацоўнікі з лапатамі расчышчаюць падыходы да дзвярэй. Многія мясціны ў горадзе, дзе раней былі дарогі і сцежкі, цяпер нагадваюць снежную пустыню, дзе часта бачны снежныя горкі насыпаныя людзьмі. Каля дамоў на стаянках стаяць машыны замеценыя снегам, якія гаспадары транспартных сродкаў не паспяваюць ачышчаць. Нягледзячы на бяздзейнасць камунальных службаў, людзі часта самі арганізуюцца для таго, каб чысціцць снег каля пад’ездаў і ўласных дамоў. Але тым не менш людзей на вуліцах вельмі мала, бо дарогі і падыходы замяло настолькі, што прасцей адкласці свае справы на іншы дзень, чым прабірацца праз тоўшчу снежнага покрыва.

Алесь Крыжэвіч. Фота аўтара