У парку Перамогі на алеі Славы ў Крычаве адкрылі памятны знак савецкаму дыпламату Кузьме Венедыктавічу Кісялёву. Нарадзіўся Кузьма Кісялёў 1 лістапада 1903 года ў в. Лабковічы Чэрыкаўскага павета (сённяшні Крычаўскі раён) Магілёўскай губерні. Скончыў медыцынскі факультэт Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці ўрач-неўрапатолаг, Інстытут чырвонай прафесуры ў Маскве. З 1932 па 1937 гады К. В. Кісялёў — навуковы супрацоўнік Усесаюзнага інстытута эксперыментальнай медыцыны. У 1936 годзе стаў кандыдатам медыцынскіх навук.
З 1937 па 1938 гады — народны камісар аховы здароўя БССР, з 1938 па 1940 гады — старшыня Савета народных камісараў БССР. У 1941—1942 гадах працаваў дырэктарам медыцынскага выдавецтва ў г. Маскве, старшынёй Ульянаўскага абласнога выканаўчага камітэта, з 1943 па 1944 гадах быў першым намеснікам старшыні Савета народных камісараў Беларускай ССР.
З 1944 па 1958 гады — першы намеснік старшыні СНК і наркам (з 1946 міністр) замежных спраў БССР. З 1958 па 1966 гады — Міністр замежных спраў Беларускай ССР. Меў ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, Вярхоўнага Савета БССР і членам ЦК КПБ.
Асоба ў гісторыі Беларусі савецкага перыяду даволі знакавая, асабліва ў беларускай дыпламатыі. Сапраўды для ўраджэнца ўсходнебеларускай вёскі Кісялёў зрабіў ашаламляльную кар’еру, стаўшы тым чалавекам, які прадстаўляў Савецкую Беларусь на міжнароднай арэне. Між іншым менавіта Кузьма Кісялёў стаўся аўтарам успамінаў «Запіскі савецкага дыпламата» (1974). Яшчэ да сённяшняга дня на малой радзіме ў вёсцы Лабковічы можна пачуць розныя байкі пра сям’ю дыпламата і ўласна пра самога Кузьму Венедыктавіча. Яго памятаюць не толькі з-за яго высокай пасады, але і па дапамозе, якую высокі чын аказваў былым аднавяскоўцам. Адзначу, што да 1 верасня 2015 года ў Лабковічах працаваў вучэбна педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа, які насіў імя Кузьмы Кісялёва.
Між іншым у адкрыцці памятнага знака беларускаму савецкаму дзяржаўнаму дзеячу і дыпламату прымалі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў і старшыня мясцовай “Белай Русі” Ірына Пруднікава, намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кандраценка, старшыня раённага савета ветэранаў Зінаіда Скачкова. Карацей, звыклы набор чыноўнікаў і ідэалагічна правільных людзей. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі БРСМ і т.зв. “моладзевага парламента”. Варта таксама заўважыць, што тэкст памятнага знака зроблены толькі на рускай мове.
Kryčaveć
фото: krichevlive.by