Як перадае карэспандэнт Свабоды, выкопваюць і вывозяць крыжы, якія мінулым летам ставіў Зьміцер Дашкевіч з паплечнікамі з боку рэстарацыі «Поедем поедим». Міністэрства культуры ня ведае, што адбываецца.
У Курапатах зранку 4 красавіка пачалі зносіць крыжы. Пад’езды да Курапатаў заблякаваныя.
Сьведкі налічылі восем экскаватараў, якія валяць крыжы па ўсім пэрымэтры мэмарыялу, расказаў адзін зь лідэраў абароны Курапатаў, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец.
Севярынец спрабаваў правесьці відэатрансьляцыю — яму спачатку заміналі «людзі ў цывільным», затым людзі ў форме АМАП без тлумачэньняў запхалі яго ў мікрааўтобус.
Таксама Свабода стала сьведкам затрыманьня актывістаў Дзяніса Ўрбановіча і Ніны Багінскай. Вядома пра затрыманьне прынамсі яшчэ двух актывістаў: Зьмітра Дашкевіча і Піліпа Шаўрова. У сацсетках паведамляюць, што затрыманы актывіст Валер Рабцаў.
Акрамя будаўнікоў, на месцы працуюць супрацоўнікі кампаніі «Белтэлекам», адзін зь іх сказаў, што яны тут будуць праводзіць сваю лінію.
Актывіст Зьміцер Касьпяровіч паведаміў Свабодзе, што прыехаў у Курапаты, дайшоў ад Крыжа пакутаў да «Галгофы», але там яго сустрэлі міліцыянты і далей не пусьцілі. Ён бачыў тэхніку, супрацоўнікаў у цывільным і будаўнікоў.
Касьпяровіч аб’ехаў вакол Курапатаў на машыне і ўбачыў, што ўздоўж дарогі па ўсім пэрымэтры тэрыторыі, паводле ягоных падлікаў, павалена агулам ужо каля 100 крыжоў — меркавана, гэта тыя крыжы, якія трапляюць па пэрымэтры на трасу, дзе будзе ўсталяваная агароджа.
Паводле актывіста Зьмітра Дашкевіча, які таксама прыехаў у Курапаты, на 10.30 раніцы было зьнесена каля 70 крыжоў.
«Усё, што мы паставілі — 70 шасьцімэтровых крыжоў — усе зьнесеныя, — расказаў Свабодзе Дашкевіч. — На 10 гадзінаў усё было ўжо зьнесенае. Я думаю, уначы працавалі. Увесь раён ачэплены міліцыяй. Што тут рабіць, невядома. Усё зьнесена».
Каля рэстарацыі «Поедем поедим» таксама шмат будаўнічай тэхнікі, зносяць крыжы. Міліцыянты нікога не пускаюць на тэрыторыю Курапатаў. На заслаўскай трасе стаіць велізарная машына, туды звозяць крыжы і вывозяць іх. На машынах, у якія грузяць дэмантаваныя крыжы, нумары заматаныя анучай (відаць толькі, што яны зарэгістраваныя ў Менскай вобласьці), што зьяўляецца парушэньнем правілаў дарожнага руху.
Дырэктар Бараўлянскага спэцыяльнага лясгасу Аляксандар Мірановіч адмовіўся камэнтаваць Свабодзе прычыны, па якіх узьнікла неабходнасьць прыбіраць крыжы. І параіў зьвярнуцца ў прэс-службу Міністэрства лясной гаспадаркі.
У сваю чаргу, прадстаўніца ведамства Анастасія Дакучаева спаслалася на тое, што тэма «спэцыфічная» і сказала, што неабходна накіраваць адмысловы запыт на імя кіраўніцтва міністэрства.
Падпалкоўнік міліцыі зь з менскага райаддзела міліцыі, які не назваў Свабодзе сваё імя, сказаў, што вядуцца будаўнічыя працы, і па ўсе камэнтары параіў зьвяртацца да кіраўніцтва міліцыі.
Каардынатарка ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» Ганна Шапуцька назвала тое, што адбываецца ў Курапатах, «глябальным злачынствам, якое адбылося на вачах усяго беларускага грамадзтва». Яна падкрэсьліла, што зьдзіўленая тым, «як лёгка чыноўнікі, якія кажуць, што ходзяць у царкву, узялі і выканалі загад» — Шапуцька мяркуе, што загад зьнішчыць крыжы фактычна даў Аляксандар Лукашэнка падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам».
Ніякага грамадзкага абмеркаваньня адносна зносу крыжоў, падкрэсьліла Шапуцька, не было. Былі суды і штрафы за ўсталёўку крыжоў, мусіў быць суд адносна далейшых дзеяньняў з крыжамі, але аб другім Шапуцька ня ведае.
Ці зьвязаныя знос крыжоў і слупкі, якімі, падобна, будаўнікі пазначылі тэрыторыю пад агароджу, невядома. Але побач са слупкамі з боку «Экспабелу» застаюцца стаяць старыя крыжы, усталяваныя да мінулага лета. Шапуцька перакананая, што «і гэтыя зьнясуць».