Гадаванцы музычнага аддзялення Магілёўскага дзяржаўнага каледжу мастацтваў імя М.А. Рымскага-Корсакава распачалі серыю дабрачынных калядных канцэртаў. Маладых гадаванцаў каледжу цёпла сустрэла магілёўская публіка.
У зале дваранскага побыту музея этнаграфіі – філіяле Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея распачалася чарада дабрачынных канцэртаў у кінатэатрах і музеях горада. Імпрэза ўвачавідкі ўдалася. Маладыя гадаванцы каледжу прыемна здзівілі публіку сваімі талентамі. У праграме было і харавыя спевы, ігра на разнастайных музычных інструментах: фартэпіяна, скрыпках, мандаліне, гітарах, акардэоне і інш.
Праграма атрымалася разнастайнай і на навагодняму вясёлай. Музыкі натуральна хваляваліся і імкнуліся паказаць сябе. Публіка вельмі цёпла сустракала як саміх артыстаў, так і якасць выканання твораў. Некаторыя з іх нават прасілі выканаць на біс. Можа гэтаму паспрыяла камерная і шляхетная атмасфера залы.
Дзякуй вам, маладыя магілёўскія таленты! Дзякую і вам, іх настаўнікі! Дзякую і работнікам музея за арганізацыю музычнай імпрэзы, якая патрэбна як маладым музыкам, так і публіцы.
З надыходзячым Новым годам усіх нас!
Алесь Верасень