“Паляванне на ведзьмаў” працягвае кіраўніцтва Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (МДУ) імя А.Куляшова. За іншадумства звальняюць высокакваліфікаваных выкладчыкаў.
Кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі МДУ Леанід Сугака стаў чарговай ахвярай лукашэнкаўскай барацьбы з іншадуствам у гэтым ВНУ. Ён працуе ва ўніверсітэце з 2001 года.
“Працаваць мне засталося нядоўга. 13 кастрычніка заканчваецца мой кантракт, і мне ўжо давялі да ведама, што ён не будзе працягнуты. Такім чынам, сапраўды, мая шматгадовая праца ва ўніверсітэце ў бліжэйшыя часы будзе завершана. Гэта звязана, перш за ўсё, з маёй грамадзянскай пазіцыяй, бо яна не задавальняе кіраўніцтва ўніверсітэта. І калі ў нас была вясной гэтага года атэстацыя, то на атэстацыі непасрэдна па маёй працы – па маёй пасадзе, па маіх занятках ніводнага пытання не прагучала. Усе пытанні тычыліся маёй грамадзянскай пазіцыі. Так што палітычная матывацыя таго, што кіраўніцтва не жадае працягваць кантракт, відавочна. І ў цэлым гэта ж не толькі я пацярпеў”, – распавёў Леанід Сугака ў эфіры YouTube-канала “Магілёўскага рэгіёна”.
Раней, у чэрвені стала вядома, што кандыдату гістарычных навук, прафесару кафедры археалогіі і гісторыі Беларусі МДУ Аляксандру Агееву, якому да пенсіі заставалася дапрацаваць ўсяго два гады, было прапанавана напісаць заяву на звальненне па згодзе бакоў. Альтэрнатывай было звальненне па артыкулу нібыта аб недастатковай кваліфікацыі. Працаваў гісторык ва ўніверсітэце з 1991 года.
Лёс Аляксандра Агеева паўтарыў і кандыдат педагагічных навук, прафесар кафедры прыродазнаўства Ігар Шаруха, які аддаў гэтаму ВНУ амаль 30 гадоў жыцця і лічыцца адным з найлепшых географаў Магілёва.
Яшчэ адной вядомай журналістам ахвярай стаў кандыдат філалагічных навук, дацент кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый, выкладчык аддзялення журналістыкі МДУ Віталь Еўмянькоў. Ён адвучыўся ў даным ўніверсітэце, а потым адпрацаваў у ім 21 год. Яму таксама прыйшлося напісаць заяву аб звальненні па згодзе бакоў.
За ўдзел у мірным пратэсце з універсітэта па розных надуманных фармальных прычынах былі выключаны студэнты, у прыватнасці Сяргей Есауленка і Міхаіл Борыс.
“Можна сказаць, што ў сцянах універсітэта праходзіла і будзе праходзіць такая ідэалагічная чыстка, бо ўсе нязгодныя, усе людзі, якія маюць сваю ўласную пазіцыю, яны ўсё ж не задавальняюць кіраўніцтва. Яно жадае бачыць такую паслухмяную супольнасць – свайго роду вінцікі, болцікі, шпунцікі сістэмы, якая не мае свайго ўласнага погляду. Нажаль, такая сітуацыя”, – адзначыў Леанід Сугака, які акрэслівае такі падыход універсітэцкага кіраўніцтва як барацьбу з іншадумствам.
“А тое, што гэта барацьба з іншадумствам, то да. Але ж універсітэт гэта, перш за ўсё, свабода думкі. Калі няма свабоды думкі ва ўніверсітэце, то гэта не ўніверсітэт, і трэба нейкую новую назву прыдумаць для навучальнай установы. Гэтую думку падзяляюць многія маі калегі, але не падзяляе кіраўніцтва”, – адзначыў вядомы магілёўскі гісторык.
Паводле яго, у Беларусі зараз заўважны элементы станаўлення культу асобы. “Дастаткова паслухаць афіцыёзныя выступленні на тэлебачанні асоб, якіх не хочацца рэкламаваць. Там ужо заўважны элементы культу асобы, калі называюць біблейскім палітыкам і вялікім чалавекам”, – кажа навуковец, адзначаючы, што ў такіх варунках недалёка да рэальнага культу асобы, які быў у гісторыі ў розных адыёзных дыктатараў.
Адзначым, што даная барацьба з іншадумствам адбываецца пад кіраўніцтвам рэктара МДУ ім.А.Куляшова Дзяніса Дука, прарэктараў Дзмітрыя Лаўрыновіча, Алега Дзьячэнкі, Наталлі Макоўскай, Уладзіміра Ясева, Юліі Зейдзінай і Эдуарда Куцакова.
Сяргей Вяршынаў