Медны посуд лічыцца элітным начыннем дарагіх рэстаранаў. У магілёўскім этнаграфічным музеі супрацоўнікі вырашылі пазнаёміць наведвальнікаў з найстарэйшым металам у гісторыі чалавецтва і вырабамі з яго.
Як вядома, прыемны густ прыгатаванай стравы залежыць не толькі ад майстэрства кухара, ад правільна падабраных прадуктаў і разнастайных спецый, але і ад карысных якасцяў выкарыстанага посуду. На кухні дарагога рэстарана, дзе працуюць прафесіяналы, як і ў дасведчанай гаспадыні заўжды знойдзецца медны посуд. Ён мае цеплаправоднасць, якая ў 10 разоў вышэй, чым у сталёвага альбо алюмініевага кулінарнага начыння. Гэта спрыяе раўнамернаму размеркаванню цяпла па ўсёй паверхні, што значна паскарае працэс прыгатавання ежы, паляпшае яе смакавыя якасці. Так напрыклад, лічыцца, што асабліва смачнае варэнне або падліўка атрымліваецца тады, калі яе гатаваць у медным посудзе.
У Магілёве з медным посудам у лістападзе можна пазнаёміцца ў этнаграфічным музеі, дзе адкрыта ўтульная выстава “Як медзь умее спяваць”, якая знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй меднага посуду і яго прадметамі з калекцыі абласнога краязнаўчага музею.
Натуральна, што найперш можна пабачыць знакамітыя медныя туркі – пасудзіны канічнай формы ў выглядзе невялікага каўша з завужанай гарлавінай, якія з глыбокай старажытнасці выкарыстоўваюцца для падрыхтоўкі кавы па-турэцку на пяску ці проста на кухоннай пліце. Туркі для кавы вырабляюцца традыцыйна з медзі, таму часам іх завуць проста меднымі кававаркамі. Знутры медныя туркі апрацоўваюцца луджэннем (пакрываюцца пластом харчовага волава) у пазбяганне металічнага прысмаку і магчымых шкодных уздзеянняў на арганізм чалавека. Медная турка для кавы – абавязковы аксесуар у хаце знаўцы гэтага напою і выдатны падарунак з любой нагоды.
Таксама маюцца больш вялікія наборы меднага посуду: лыжкі, падносы, каўшы, глякі, чайнікі, кацялкі, мерныя і простыя кружкі, ступка з песцікам, смятаннікі, соўснікі, цукарніцы, перачніцы і іншае хатняе начынне. Гісторыю кожнага прадмета можа пракаментаваць вопытны прафесійны экскурсавод. Не абысціся на такіх выставах без медных жаравых самавараў і падшклянак.
Чырвоная медзь – цудоўны матэрыял для чаканкі. Увогуле, уражвае спектр адценняў медных вырабаў, які вагаецца ад ружова-чырвонага да залацістага і зялёнага.
Напэўна прыцягне да сябе ўвагу і медны тэрмас – сасуд, гледзячы на які разумееш, што вынаходніцтва сучасных электрычных чайнікаў мае даўнюю гісторыю.
Адзначым і неблагія экспазіцыйныя рашэнні, якія прымянілі на абмежаванай тэрыторыі і пры абмежаваных рэсурсах яе стваральнікі. Ім удалося стварыць атмасферу спакойнай радасці, пагружэння ў ХІХ стагоддзе і выпукла паказаць кожны прадмет не перагрузіўшы памяшканне шматлікімі паўторнымі экспанатамі.
Выстава не стала важнай культурнай падзеяй для горада. Тут няма задужа каштоўных унікальных экспанатаў сусветнага ці еўрапейскага значэння. Посуд прадстаўлены прадметамі канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. Але для спецыялістаў і аматараў яна будзе вельмі цікавай. Карысна і варта яе наведаць школьнікам, і не толькі малодшых і сярэдніх, але і старэйшых класаў з мэтай знаёмства па профільных прадметах і факультатывах.
З заўваг трэба адзначыць невялікі перакос з акцэнтам на ўплыў нашага ўсходняга суседа ў апісанні гісторыі распаўсюджвання меднага посуду ў Беларусі. Склалася ўражанне, што гісторыя меднага посуду па традыцыі пішацца праз рускія вочы. Прыемна, што складальнікі тэксту гэта зразумелі і абяцалі выправіць сітуацыю.
Выстава працуе па графіку працы этнаграфічнага музею. Выхадныя – серада, чацвер.
Алесь Верасень