9 снежня на будынку аднаго з вучэбных корпусаў Магілёўскага дзяржаўнага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К. Арлоўскага (аг Буйнічы) ва ўрачыстай абстаноўцы пад час мітынгу была адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар Георгія Маліноўскага (1942-2021), які на працягу 34 гадоў узначальваў навучальную установу. 5 сакавіка гэтага года ён пайшоў з жыцця. А 9 снежня – дзень нараджэння педагога.
На мерапрыемстве прысутнічалі навучэнцы, кіраўніцтва і выкладчыкі каледжа, ганаровыя госці – намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў і іншыя.
Прысутныя на мітынгу адзначалі важкі ўклад Георгія Маліноўскага ў станаўленне каледжа, у стварэнне Магілёўскага заасада, у адкрыццё музея Канстанціна Сіманава.
У 2013 годзе педагог і кіраўнік Г. Маліноўскі быў удастоены звання “Ганаровы грамадзянін горада Магілёва” — на плошчы Зорак ёсць яго імянная зорка.
Пад час мітынгу было агучана прапанова штогод 9 снежня праводзіць мерапрыемствы ў гонар Г.М. Маліноўскага.
Георгій Мікалаевіч Маліноўскі нарадзіўся 9 снежня 1942 года ў сяле Брычаны Малдаўскай ССР. У 1969 годзе скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці “гісторыя і грамадазнаўства”. Працаваў на розных пасадах, у т.л. у аблана. З 1987 года і да самай смерці Георгій Маліноўскі працаваў дырэктарам Магілёўскага дзяржаўнага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К. П. Арлоўскага.
Г. Маліноўскі быў заснавальнікам Магілёўскага заасада. Дзякуючы яму ў каледжы з’явілася музейна-гістарычная экспазіцыя пад адкрытым небам, прысвечаная вызваленню Магілёва і вёскі Буйнічы: на тэрыторыі каледжу адкапалі дзот. Маліноўскі ўзнагароджаны ордэнам Пашаны, медалём “За працоўныя заслугі”, нагрудным знакам “За заслугі ў развіцці прафтэхадукацыі”, шматлікімі ганаровымі граматамі ўрада. Ён заслужаны работнік адукацыі, “Чалавек года” Магілёўскай вобласці – 2002, унесены ў Кнігу славы Магілёўшчыны ў 2009 годзе. У 2013 годзе педагог і кіраўнік Г. Маліноўскі быў удастоены звання “Ганаровы грамадзянін горада Магілёва” — на плошчы Зорак ёсць яго імянная зорка.
Яўгіння Грамашчанка
фото: mogilevnews.by