Магілёў мае адмысловую скульптуру Маленькага прынца, а ў Быхаве кніга Антуана дэ Сэнт-Экзюперы замацавана ў бронзе. І вось, 13 лістапада адбудзецца прэм’ера спектакля “Маленькі прынц” на сцэне магілёўскага тэатра лялек.
Прэм’еру спектакля “Маленькі прынц” паводле твора Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры пакажуць на сцэне Магілёўскага абласнога тэатра лялек 13 лістапада. Пастаноўка стане дэбютам маладога піцерскага рэжысёра-пастаноўшчыка Цімура Карэпіна на магілёўскай сцэне.
Рэжысёр і акторы запрашаюць наведаць астэроіды Сонечнай сістэмы і пазнаёміцца з іх жыхарамі – дарослымі, якія забыліся, што калісьці таксама былі дзецьмі, паразважаць разам з галоўнымі героямі – Лётчыкам і Маленькім прынцам пра сэнс жыцця, прыгажосць, каханне, сяброўства і адзіноту”.
Прэм’ера спектакля пачнецца а 12-й гадзіне, а сам ён адносіцца да катэгорыі “для сямейнага прагляду”. Пастаноўка, як лічыць яе стваральнік, будзе цікава і дзецям, і дарослым – кожны тут зможа знайсці нешта для сябе.
Адметна, што гэта не першае з’яўленне Маленькага прынца ў горадзе. Магілёў ужо мае яго адмысловую скульптуру. Скульптурная кампазіцыя, дзе Маленькі прынц палівае кветку, была ўсталявана ў 2017 годзе ў Камсамольскім скверы. Вядомы магілёўскі скульптар Андрусь Вараб’ёў такім чынам увасобіў любімы твор. Праўда пачатак жыцця мастацкага твора быў нешчаслівым Праз дзень пасля ўсталявання помнік быў зламаны невядомымі вандаламі. Бронзавую скульптуру вышынёй 1,4 м прыйшлося тэрмінова ўмацоўваць. З таго часу прынц надзейна прапісаўся ў цэнтры горада, нагадвае магілёўцам пра свае знакамітыя афарызмы.
А ў Быхаве на прывакзальнай плошчы ў 2013 годзе да Дня беларускага пісьменства была ўсталявана скульптура “Сустрэча”, аўтарам якой зноў такі стаў магілёўскі скульптар Андрэй Вараб’ёў. Сёння гэта папулярны месца ў горадзе. Тут закаханыя робяць прапановы сваім дамам, а падчас вяселля аб’язджаюць на вясельным картэжы вакол помніка. Але нават многія мясцовыя жыхары не здагадваюцца пра патаемны сэнс скульптуры.
У скульптуры “Прывітанне-развітанне” (народная назва) аўтар зашыфраваў загадку таемнай навукі гэтак важнай для палымянага кахання дзяўчыны і хлопца. У кніжнай нізцы, з якой прыехаў (ці ад’язджае) маладзён, месцяцца важныя для яго і ўсіх беларусаў кнігі: Якуб Колас, “Вянок” Багдановіча, Янка Купала, Максім Гарэцкі, Уладзімір Караткевіч, Аркадзь Куляшоў, Васіль Быкаў, Міхась Стральцоў… і нават “Маленькі прынц“. А вось ніжняя кніга не мае назвы на знешне прыхаваным пераплёце. І толькі, калі зазірнуць знізу, то можна прачытаць адгадку важнасці гэтай кнігі для закаханых маладых людзей – Камасутра.
Алесь Верасень