Звольнілі з працы Волю Семчанку – загадчыцу літаратурнай часткі Магілёўскага тэатра драмы. Новае кіраўніцтва тэатра неаднаразова пагражала гэткай мерай, бо Воля не змірылася са звальненнем Андрэя Новікава – былога дырэктара тэатра, разам з іншымі супрацоўнікамі збірала подпісы ў яго падтрымку і аднаўленне на працы.
Акрамя гэтага, Семчанку некалькі разоў выклікалі ў міліцыю, нават затрымлівалі на працоўным месцы за “правапарушэнні”, якія выражаліся ў народных спевах на Ленінскай вуліцы, ці проста для таго, каб правесці “прафілактычную гутарку” у РАУС. Падобныя дзеянні “сілавых” органаў прыводзілі да “прагулаў”, але не гэта адміністрацыя тэатра залічыла да грубага парушэння працоўнай дысцыпліны. Новае кіраўніцтва, са словаў Волі Семчанкі, пачало “удасканаліваць” яе працу, даваць нерацыянальныя заданні, якія, на яе погляд, можна было б выканаць па-іншаму і з лепшым вынікам. Спробы рабіць сваю працу больш прадукцыйна прыводзілі да канфліктаў і рознага кшталту вымоваў, што і сталася ў выніку нагодай да звальнення “па артыкуле”.
Трэба адзначыць, што на сваёй пасадзе загадчыцы літаратурнай часткі Воля Семчанка выконвала значна болей розных абавязкаў, фактычна, яна яшчэ і вяла ўсю працу са СМІ, рыхтавала прэс-рэлізы, займалася рознымі арганізацыйнымі пытаннямі, у тым ліку і па падрыхтоўцы форумаў “М.аrt.контакт”. На яе неверагоднай энэргетыке ў значнай частцы трымалася плённая творчая праца тэатра, у тым ліку – разнастайныя перамогі і ўзнагароды за культурныя дасягненні ўсяго калектыву. Цяжка ўявіць, што адміністрацыя знойдзе чалавека, хто хоць у нейкай ступені зможа яе замяніць. Ну а калі ўлічыць, што перад тым быў звольнены і дырэктар Андрэй Новікаў, які столькі свайго арганізацыйнага таленту ўклаў у развіццё тэатра, можна толькі здагадвацца, што чакае калектыў і ўвогуле, магілёўскіх аматараў тэатральнага мастацтва ад гэткіх “кадравых перастановак”…
Яшчэ можна дадаць, што ў свой вольны час па-за працай Воля – няўрымслівы аматар і пашыральнік беларускай народнай культуры, яна з’яўляецца кіраўніком суполкі “Беларускія народныя танцы ў Магілёве”, ладзіць спеўны гурток для прыхільнікаў народных аўтэнтычных спеваў, арганізуе і праводзіць розныя адпаведныя імпрэзы. З такім талентам і працавітасцю Воля Семчанка знойдзе для сябе спосаб самарэалізацыі, а любая ўстанова ці калектыў, хто возьме яе ў свой штат, дакладна не прагадае.
Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара