Галоўная » У Магілёве міліцыя разагнала акцыю салідарнасьці без затрыманьняў

У Магілёве міліцыя разагнала акцыю салідарнасьці без затрыманьняў

У Магілёве міліцыя выцесьніла з пляцоўкі ля гандлёвага цэнтру «Атрыюм», дзе праводзіліся выбарчыя пікеты, тых, хто сабраўся пратэставаць супраць нерэгістрацыі кандыдатамі на прэзыдэнцтва Бабарыкі і Цапкалы. Паводле сьведак, тут сабралася да 100 чалавек рознага веку, пераважала моладзь, паведамляе Радыё Свабода.

Пасьля 20 гадзіны зьявіўся міліцыянт з мэгафонам і папярэдзіў пра адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Пасьля гэтага зьявіліся патрулі амапаўцаў. Іхныя аўтобусы былі прыпаркаваныя каля гарвыканкаму і гандлёвага цэнтру. На пад’ездах да цэнтральнай вуліцы Першамайскай дзяжурылі супрацоўнікі ДАІ.

Тыя, хто быў на пляцоўцы, кажуць, што затрыманьняў не было, але большая частка людзей перасунулася на пешаходную вуліцу Ленінскую, дзе адбываўся канцэрт джазавай музыкі. Па яго заканчэньні, блізу 21 гадзіны, людзі вярнуліся на пляцоўку каля «Атрыюму». Неўзабаве грамада разышлася.