Галоўная » У Магілёве на мэдыка, параненага падчас затрыманьня, склалі ў турме трэці пратакол за ўдзел у пратэстах

У Магілёве на мэдыка, параненага падчас затрыманьня, склалі ў турме трэці пратакол за ўдзел у пратэстах

Яму пагражае яшчэ да 15 дзён арышту на дадатак да 26, на якія ён ужо асуджаны, паведамляе Радыё Свабода.

На рэнтген-лябаранта магілёўскай стаматалягічнай паліклінікі Андрэя Вярбіцкага ў ізалятары, дзе яго трымаюць ад 29 верасьня, склалі яшчэ адзін пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня за ўдзел 6 верасьня ў «Маршы адзінства».

На дадатак да ўжо прысуджаных Ленінскім раённым судом Магілёва 26 дзён арышту яму пагражае яшчэ 15.

Пра гэта даведалася жонка мэдыка з тэлефоннай гутаркі зь ім. Паводле яе, у міліцыянтаў ёсьць падставы для складаньня яшчэ аднаго пратаколу на мужа. Суд па новым пратаколе заплянаваны на 26 кастрычніка.

Андрэя Вярбіцкага затрымалі 27 верасьня, калі сілавікі ўжылі спэцсродкі для разгону акцыі пратэсту «Народная інаўгурацыя». Яму разьбілі твар, расьсеклі лоб. Тры дні ён ляжаў у шпіталі.