Аліна Скрабунова, магілёўская журналістка-фрылансерка, якая супрацоўнічае з «Белсатам», выпадкова даведалася, што 17 лістапада яе судзілі за незаконны выраб СМІ.
Суд без падсуднай
17 лістапада Аліна Скрабунова пайшла ў суд Ленінскага раёну Магілёву, каб напісаць заяву на забіранне матываванай часткі па адным са сваіх ранейшых працэсаў. У судзе на ўваходзе яе сустрэў міліцыянт. Ён пазнаў журналістку і запытаўся, чаму яна не была на ўласным судзе а 10-ай раніцы. Гэтая навіна стала для Аліны вялікім сюрпрызам.
«На мяне не складалі ніякі новы пратакол. Мне не дасылалі позву ў суд, нічога. Які можа быць суд?» – абураецца яна.
Чым скончылася паседжанне яна не ведае – суддзя была занятая.
Аліна Скрабунова адзначае, што гэта далёка не першы раз за апошнія месяцы, калі яна сутыкаецца з непаразуменнем ад беларускіх судоў. Раней ёй высылалі позву з няправільна ўказаным артыкулам.
Калапс прававой сістэмы
Юрыст і праваабаронца з «Прававой ініцыятывы» Сяргей Усцінаў адзначае, што ў адпаведнасці з арт. 10.9 ПВКаАП, асоба, якая ўдзельнічае ў адміністрацыйным працэсе, выклікаецца ў суд позвай, якая ўручаецца дадзеным асобе пад распіску.
Могуць выклікаць таксама:
- позвай па пошце,
- SMS
- з выкарыстаннем іншых сродкаў сувязі.
На позве павінна быць указана, хто і ў якасці каго выклікаецца, куды і да каго, час яўкі, а таксама наступствы няяўкі без уважлівых прычын.
Калі не выкананы парадак уручэння позвы, або позва аформленая з парушэннем ПВКаАП, то выклік можа лічыцца не адпаведным закону. Згодна з арт.11.4 ПВКаАП, пры разглядзе справы ў судзе, удзел фізічнай асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, абавязковы.
Калі вы не хадайнічалі аб разглядзе справы ў сваю адсутнасць і не атрымалі позву, аформленую ў адпаведнасці з арт. 10.9 ПВКаАП, але суд прайшоў без вас і вынес пастанову, то можна абскардзіць законнасць вынесенай пастановы.
«Аднак любыя парады юрыстаў у сітуацыі прававога бязмежжа, які зараз адбываецца ў Беларусі, выглядаюць немагчымымі, – зазначае адмыслоўца. – Магчыма тут спрацаваў чалавечы фактар, але гэта не праблема чалавека, а суду».
Журналісты, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», зараз сутыкаюцца з беспрэцэдэнтным ціскам. Так, зараз за кратамі знаходзяцца 5 нашых калегаў. Яшчэ мінімум чацвёра – падазраваныя ў арганізацыі масавых закалотаў.
Фота: Аліна Скрабунова
КТ, belsat.eu