Галоўная » У Магілёве “пасадзілі” на суткі актывіста “Народнай грамады”

У Магілёве “пасадзілі” на суткі актывіста “Народнай грамады”

15 мая суд Кастрычніцкага раёна Магілёва пакараў актывіста Васіля Курушына 7 суткамі адміністрацыйнага арышту. Пра гэта паведаміў “Магілёўскаму рэгіёну” праваабаронца Барыс Бухель.

Васіля Курушына затрымалі 14 мая, калі ён збіраўся ехаць у Мінск, каб прыняць удзел у акцыі, якую планаваў зрабіць Мікалай Статкевіч. В.Курушын – актывіст БСДП “Народная грамада”, якую ўзначальвае М. Статкевіч.

Актывіста абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі 5 мая ў Магілёве, звязанай з прыездам у горад каманды блогера С.Ціханоўскага “Краіна для жыцця”.

15 мая суддзя суда Кастрычніцкага раёна Магілёва Жанна Пушкіна прызнала яго вінаватым па артыкуле 23.34 КаАП і пакарала Васіля Курушына 7 суткамі арышту.

Згодна інфармацыі праваабаронцаў, па стане на 13 мая, з 6 мая ў Беларусі:

  • былі затрыманыя каля 120 чалавек: удзельнікаў мірных сходаў, праваабаронцаў і журналістаў;
  • міліцыя склала прыкладна столькі ж пратаколаў (каля 120) за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП);
  • 50 чалавек асуджаныя на арышты тэрмінам ад 2 да 25 сутак. Агульная колькасць атрыманых сутак з 6 па 13 траўня — 479;
  • 20 чалавек атрымалі штрафы на агульную суму ў 583 базавыя велічыні (15741 рубель);
  • адміністрацыйныя суды прайшлі ў 17 гарадах краіны, сярод якіх Мінск, Віцебск, Гомель, Бабруйск, Магілёў, Орша, Паставы, Полацк, Наваполацк, Глыбокае, Вілейка, Гродна, Ліда, Брэст, Мазыр, Жлобін, Мар’іна Горка.

Фота: «Белсат»

Сяргей Семяновіч