Журналіста “Магілёўскага рэгіёну” Уладзіміра Лапцэвіча 29 красавіка выклікалі ў Следчы камітэт.
Па словах журналіста, следчы Андрэй Шэцько патлумачыў, што яго выклікаюць у якасці сведкі “па справе Бухеля”.
Барыс Бухель – магілёўскі праваабаронца, якога ўжо некалькі разоў дапытвалі ў Следчым камітэце ў межах крымінальнай справы. 16 лютага ў Бухеля і шэрагу іншых магілёўскіх праваабаронцаў і журналістаў адбыліся ператрусы, якія праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК у межах крымінальнай справы па арт. 342 КК РБ (нібыта за фінансаванне акцый пратэсту).
Уладзімір Лапцэвіч наведаў упраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці раніцай 29 красавіка разам са сваім адвакатам. Зараз ён ужо вышаў ад следчага. Па словах Лапцэвіча, пасля допыту ў яго ўзялі падпіску аб неразгалошванні, таму ён не можа каментаваць акалічнасці справы
Іншы магілёўскі журналіст, Аляксандр Буракоў (старэйшы), які таксама супрацоўнічае з “Магілёўскім рэгіёнам”, учора атрымаў паведамленне з падаткавай інспекцыі Ленінскага раёна г. Магілёва. Падаткавікі патрабуюць ад журналіста на працягу 30 дзён прадаставіць тлумачэнні, чаму ў яго атрымалася перавышэнне даходаў над расходамі на працягу шасці гадоў з 2011 па 2016 г.г.
А. Буракоў, які працуе ў якасці фрылансера, рэгулярна справаздачыўся ў падаткавай інспекцыі пра свае грашовыя даходы. Па словах журналіста, зараз падаткавікі, падлічыўшы выдаткі, чамусьці палічылі, што ў далёкіх ужо 2011-2016 г.г. ён перавысіў свае расходы над даходамі на 6311,01 рублёў.
Нагадаем, што 18 лютага ў кватэры, дзе пражывае Буракоў, супрацоўнікі міліцыі правялі вобшук. Супрацоўнікі ГУБАЗіК прад’явілі ордэр на вобшук паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса, падпісаны намеснікам Генеральнага пракурора РБ. Яны перавярнулі літаральна ўсю кватэру. У журналіста забралі ноўтбук, тэлефон і носьбіты інфармацыі.
Крыху раней, 16 лютага, вобшук адбыўся ў кватэры бацькоў Аляксандра Буракова. У іх таксама забралі камп’ютарную тэхніку і носьбіты інфармацыі.
18 сакавіка Буракова выклікалі на допыт ва ўпраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці. Допыт працягваўся каля чатырох гадзін. Буракоў праходзіць у якасьці сведкі па крымінальнай справе. Паколькі ў яго ўзялі падпіску аб неразгалошванні, ён не мае права распавядаць пра абставіны справы.
Іван Барысаў