Затрыманыя экс-намеснік старшыні гарвыканкама, кіраўнік Магілёўскага філіяла Белгазпрамбанка і, магчыма, дырэктар «Градбудальянса», піша mspring.online.
Раніцай 12 чэрвеня партал TUT.BY паведаміў пра затрыманне Уладзіміра Дударава – каардынатара ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі па Магілёўскай вобласці. Падрабязнасцяў няма – у штабе палітыка толькі заявілі, што па справе Дударава працуе адвакат.
Па словах праваабаронцы “Магілёўскай вясны” Аляксандра Буракова, жонка Дударава паведаміла, што яе муж быццам бы правёў ноч у ізалятары часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкама.
Уладзімір Дудараў у мінулым чыноўнік. У 2018 годзе быў прызначаны намеснікам старшыні Магілёўскага гарвыканкама. Ён курыраваў пытанні будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Гарвыканкам Дудараў пакінуў у кастрычніку 2019 года.
Пазней з’явілася інфармацыя пра затрыманне яшчэ аднаго сябра ініцыятыўнай групы – кіраўніка Магілёўскага філіяла Белгазпрамбанка Сяргея Кармызава.
Акрамя таго, з раніцы не адказвае на тэлефонныя званкі каардынатар ініцыятыўнай групы па Магілёве Віталь Саўчыхін, які займае пасаду дырэктара ТАА “ГрадБудАльянс”. Па словах Буракова, не паднімаюць тэлефон і ў самой фірме. Магчыма, Саўчыхін таксама затрыманы, але дакладнай інфармацыі пакуль няма.
Што ўмяняюць затрыманым – невядома. Таксама пакуль няма інфармацыі пра ператрусы.
Ціск на каманду прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі пачаўся яшчэ ўчора. У галаўны офіс Белгазпрамбанка прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Ператрус таксама праходзіць у людзей, звязаных з Бабарыкай. Ператрусы праходзяць у рамках крымінальнай справы па ч. 2 арт. 243 «Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і па ч. 2 арт. 235 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры».
Ігар Лазоўскі. На фота – Уладзімір Дудараў