Галоўная » У Магілёве прайшоў першы пікет па збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдата ў прэзідэнты

У Магілёве прайшоў першы пікет па збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдата ў прэзідэнты

У нядзелю, 24 мая, у Магілёве прайшоў першы пікет па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь старшыні партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада Сяргея Чэрачня.

Пікет быў зладжаны каля ГЦ “Атрыум” у Магілёве, якраз насупраць будынка Магілёўскага гарвыканкама. У госці да магілёўцаў завітаў сам прэтэндэнт у кандыдаты разам з камандай з Мінска, таксама подпісы збіралі і мясцовыя чальцы яго ініцыятыўнай групы.

Пікетаванне адбывалася каля паўтара гадзіны, з 11:00 да 12:30. Да яго ўдзельнікаў падыходзіла даволі шмат людзей розных узростаў, некаторыя з іх хацелі паразмаўляць з самім прэтэндэнтам у кандыдаты Сяргеем Чэрачнем. Прэтэндэнт адказваў на пытанні жыхароў Магілёва, прычым многіх Сяргеей Чэрачань змог зацікавіць, – тыя, у каго былі з сабой пашпарты, адразу ставілі подпісы за яго вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты.

Неабходна адзначыць, што Сяргей Чэрачань – наш зямляк. Палітык нарадзіўся ў Крычаве, а рос і вучыўся ў Магілёве. С.Чэрачань – самы малады з прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты, яму 35 год.

Пасля сканчэння пікета па збору подпісаў у Магілёве Сяргей Чэрачань разам са сваімі прыхільнікамі накіраваўся у Шклоў. Там сёння таксама быў зладжаны пікет па збору подпісаў у падтрымку яго вылучэння кандыдатам у прэзідэнты з удзелам самаго прэтэндэнта.

Нагадаем, што для рэгістрацыі ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта неабходна сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў. Збор подпісаў будзе праходзіць з 21 мая па 19 чэрвеня.

Усяго Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп па вылучэнні грамадзян кандыдатамі на пасаду прэзідэнта Беларусі.

 

Даведка “Магілёўскага рэгіёна”:

Сяргей Уладзіміравіч Чэрачэнь (нар. 8 мая 1985, Крычаў, Магілёўская вобласць, БССР, СССР) — беларускі палітык, старшыня партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада з 2018 года.

Нарадзіўся 8 мая 1985 года ў горадзе Крычаў Магілёўскай вобласці БССР.

Вырас і вучыўся ў Магілёве.

Скончыў Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй №3.

Навучаўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі па спецыяльнасці «Шматканальныя сістэмы тэлекамунікацый».

У 2004—2005 гадах быў старшынёй маладзёжнага грамадзянскага аб’яднання «Развіццё».

Дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю «Інфармацыйны Спектр».

У 2016 годзе быў кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, але не быў абраны.

З 2017 года старшыня Савета Беларускага рэспубліканскага грамадзянскага аб’яднання «Дыпламатыя».

Генеральны дырэктар групы кампаній DIIN.

Тэкст: Іван Барысаў

Фота і відэа: Яўген Глушкоў