Галоўная » У Магілёве пройдзе больш за 500 казачных паказаў у навагоднія дні

У Магілёве пройдзе больш за 500 казачных паказаў у навагоднія дні

Больш за 500 казачных паказаў пройдзе ў Магілёве падчас навагодніх і калядных святаў. Пра гэта падчас нарады ў Магілёўскім гарвыканкаме паведаміла начальнік упраўлення культуры гарвыканкама Марына Клепчукова.

«У горадзе ўжо пачалася падрыхтоўка да маючых адбыцца святочных мерапрыемстваў. Усяго плануецца правесці больш за 500 казачных паказаў падчас навагодніх і калядных святаў на розных пляцоўках. Чакаем, што іх наведае каля 100 тыс. чалавек. З улікам эпідэміялагічнай сітуацыі асноўная частка культурных праграм будзе праходзіць на адкрытых пляцоўках. У закрытых памяшканнях святочныя мерапрыемствы адбудуцца з захаваннем усіх санітарна-эпідэмічных нормаў. Пры фарміраванні праграмы мы стараліся ўлічыць інтарэсы людзей розных узростаў», – расказала Марына Клепчукова.

Адной з цэнтральных пляцовак стане парк Падміколле. Тут з 10 снежня па 15 студзеня пройдзе конкурс на самае лепшае навагодняе і каляднае ўпрыгожванне парку. «Ужо вызначаны пляцоўкі, на якіх прадпрыемствы і арганізацыі горада размесцяць святочныя інсталяцыі. Як паказала практыка мінулых гадоў, упрыгожаны парк і разнастайныя пляцоўкі выклікаюць вялікую цікавасць як у жыхароў горада, так і гасцей», – падкрэсліла начальнік упраўлення культуры.

Акрамя гэтага, у Падміколлі пройдуць навагоднія канцэрты, забаўляльныя праграмы, сямейнае свята. Сёлета тут плануюць устанавіць драўляную рэзідэнцыю Дзеда Мароза.

Яшчэ адным месцам святаў стане плошча Адзінства: з 4 снежня па 5 студзеня тут будзе працаваць навагодні кірмаш. «Удзельнікамі кірмашу стануць амаль 15 суб’ектаў гаспадарання. Кірмаш дапоўняць дзіцячыя атракцыёны, якія можна выкарыстоўваць у зімовы час. А з 25 па 31 снежня ў абедзенны час на кірмашы навагоднія персанажы будуць уручаць прахожым віншаванні з Новым годам і праграмы навагодніх мерапрыемстваў», – дадала Марына Клепчукова.

У абласным цэнтры да 10 снежня плануюць устанавіць і ўпрыгожыць навагоднія ёлкі. Яны размесцяцца на плошчы Леніна, плошчы Адзінства, у парку Падміколле, на плошчы Славы і плошчы Зорак. Акрамя гэтага, у горадзе ўстановяць дзіцячыя зімовыя мястэчкі.

Старт абласным навагоднім святам будзе дадзены 17 снежня на плошчы Леніна, дзе запаляць агні на галоўнай абласной ёлцы. На наступны дзень на плошчы адзінства адбудзецца казачна-гульнявая праграма «Навагодні карагод». «Магіляўчанам спадабаўся тэматычны конкурс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Па выніках конкурсу ў выставачнай зале размесціцца вялікая навагодняя экспазіцыя», – адзначыла начальнік упраўлення культуры.

Агульнагарадское свята «Чараўніцтва ў навагоднім парку» плануецца правесці 25 снежня. У арганізацыі свята будуць задзейнічаны ўстановы культуры, адукацыі, спорту, прамысловыя і гандлёвыя прадпрыемствы горада.

Жыхароў і гасцей абласнога цэнтра ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня запрашаюць адзначыць Новы год. На плошчы Адзінства плануюць правесці вялікі святочны канцэрт з піратэхнічным шоу з 23.30 да 1.30. Таксама з 30 снежня па 8 студзеня будуць працаваць адкрытыя пляцоўкі ў Ленінскім і Кастрычніцкім раёнах горада.

«1 студзеня плануем правесці дыскатэку 80-х на плошчы Адзінства. На наступны дзень, 2 студзеня, у гарадскім парку Падміколле адбудзецца сямейнае свята. На Каляды, 7 студзеня, у парку запланавана вялікая канцэртная праграма. А 8 студзеня запрашаем усіх жадаючых на казачнае прадстаўленне», – расказала Марына Клепчукова.

БЕЛТА

фото: ru-travel.livejournal.com