Галоўная » У Магілёве прысудзілі «суткі» загадчыцы аддзелу драмтэатру Вользе Семчанцы 

У Магілёве прысудзілі «суткі» загадчыцы аддзелу драмтэатру Вользе Семчанцы 

У Магілёве асудзілі на сем дзён арышту загадчыцу літаратурна-драматычнага аддзелу мясцовага драмтэатру Вольгу Семчанку.

Трое зь іх 33-гадовая жанчына ўжо адбыла ў ізалятары да суду. На разгляд справы яе не прывезьлі. Адміністрацыйны працэс у Ленінскім судзе праходзіў праз скайп.

Тыя, хто прыйшоў падтрымаць абвінавачаную, адрэагавалі на вырак судзьдзі Тацяны Касьцюк воклічам «Ганьба».

Вольгу Семчанку прызналі вінаватай ва ўдзеле 23 жніўня ў «несанкцыянаваным шэсьці». Паводле міліцэйскага пратаколу, яна рухалася ў калёне людзей, якія выгуквалі лёзунгі, несьлі апазыцыйную сымболіку, чым выказвалі нязгоду з вынікамі выбараў.

Вольга Семчанка. Фота з Фэйсбуку

Сваёй віны яна не прызнала. Даваць суду тлумачэньні адмовілася, каб ня сьведчыць супраць сябе.

Судзьдзя не задаволіла ейнага хадайніцтва аб прадстаўленьні перакладчыка. Адмову патлумачыла тым, што ў Беларусі «дзьвюхмоўе». Без задавальненьня засталася просьба Семчанкі разгледзець справу ў будынку суду, бо відэатрансьляцыя праз скайп пастаянна перарываецца.

Тацяна Касьцюк адмовілася тлумачыць абвінавачанай, што такое «апазыцыйная сымболіка». Адвод судзьдзі таксама ня быў задаволены.

Вольгу Семчанку прыйшлі падтрымаць калегі і сябры.

Доказамі віны Вольгі Семчанкі было відэа апэратыўнікаў з «Маршу свабоднай Беларусі». На ім падсудная сябе не пазнала з прычыны «кепскай якасьці здымкаў». На відэа бачная калёна прыхільнікаў пераменаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, але папярэджаньня міліцыі, што шэсьце несанкцыянаванае, не чуваць.

Вольгу Семчанку схапілі 2 кастрычніка ў цэнтры гораду, непадалёк ад тэатру. Пазьней зь Ленінскага аддзелу міліцыі патэлефанавалі яе знаёмаму з просьбай забраць яе ровар. У судзе яна даводзіла: у яе з ужываньнем сілы ў міліцыі «выкралі» мабільны тэлефон, а пазьней заявілі, што ён арыштаваны, пакуль яна ня сплаціць штрафы за правапарушэньні. Зь міліцыі жанчыну адправілі ў ізалятар.

Вольга Семчанка

Аб вызваленьні Семчанкі без пакараньня ў пракуратуру і суд зьвярталіся акторы тэатру, якія даводзілі, што яе адсутнасьць на працы перашкаджае сувязям з замежнымі партнэрамі, а таксама рэклямаваньню пастановак. Прасілі вызваліць яе і ўдзельнікі клюбу беларускіх народных танцаў, якім яна кіруе.

Падтрымаць абвінавачаную прыйшло багата яе калегаў ды сяброў. На працэс, які праходзіў у кабінэце судзьдзі, трапілі толькі 12 чалавек. Астатнія чакалі выраку ў калідоры.

Фота: Радыё Свабода, “Белсат”

Крыніца: Радыё Свабода