У ХІХ стагоддзі гэта быў адзін з самых грандыёзных будынкаў у Магілёве. Экзэрцыргаўз быў пабудаваны па праекце архітэктара В. Стасава ў 1815 – 1831 гадах пад патрэбы рэгулярнай арміі ў пачатку ХІХ стагоддзя. Ён выкарыстоўваўся як памяшканне для вайсковых практыкаванняў у халоднае надвор’е. Па архітэктурным рашэнні гэта быў манеж, гэта значыць, што яго дах не меў цэнтральнага слупа, альбо падпоркі, і трымаўся толькі на бакавых сценах. Экзэрцыргаўз функцыянаваў да пажару 1870 года, у якім ён згарэў і ў далейшым не аднаўляўся.
На працягу больш чым стагоддзя рэшткі яго падпорных сцен захоўваліся там, дзе зараз знаходзіцца кінатэатр “Чырвоная зорка” і прыстасоўваліся пад патрэбы часу – маглі стаць часткай агароджы, ці складскіх памяшканняў за кінатэатрам.
Адсутнасць уцямнай іканаграфіі рэшткаў незвычайнага помніка доўгі час не дазваляла гісторыкам і краязнаўцам з упэўненасцю ідэнтыфікаваць гэтыя паўразбураныя сцены на перыферыі гістарычнага цэнтра. Пагэтаму не дзіўна, што рэшткі пабудовы не мелі ахоўнага статуса.
Некалькі гадоў таму, падчас будаўніцтва Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва і добраўпарадкавання навакольнай тэрыторыі частка сцяны ўжо была дэмантавана. Апошні фрагмент, звернуты да 1-га Крутога завулка, знішчаецца цяпер.
А літаральна ў пачатку гэтага года стаў вядомы малюнак ХІХ стагоддзя, дзякуючы якому мы цяпер можам пабачыць, што сабой уяўляў экзэрцыргаўз першапачаткова (на малюнку: №9).
Работы па дэмантажы праводзяцца спецыяльнай камандай супрацоўнікаў МНС, якая спецыялізуецца на зносе будынкаў.
Аляксей Бацюкоў. Фота аўтара