Галоўная » У Магілёве сёлета памерла нашмат больш людзей, чым за папярэднія гады

У Магілёве сёлета памерла нашмат больш людзей, чым за папярэднія гады

У Магілёве ў 2020 годзе ўжо памерла нашмат больш людзей, чым за папярэднія гады. Гэта афіцыйныя звесткі, якія (выпадкова?) апублікаваў тамтэйшы ЗАГС. І гэта пры тым, што снежань яшчэ працягваецца.

Пра якія лічбы гаворка? Як падлічыла Еўрарадыё, за студзень-лістапад 2020-га ў Магілёве памерла 4375 чалавек. Гэта на 609 чалавек больш, чым за ўвесь 2019 год, калі памерла 3766 жыхароў горада на Дняпры. І ўвогуле, гэта вельмі нетыповая смяротнасць для Магілёва, дзе штогод памірае прыкладна аднолькавая колькасць людзей (глядзіце дыяграму).

У чым прычына анамальна высокай смяротнасці? Вядома, першым у галаву прыходзіць COVID-19. Але… калі верыць афіцыйнай статыстыцы, за ўвесь час пандэміі ва ўсёй Беларусі з каранавіруснай інфекцыяй звязаныя толькі 1215 смерцяў. А калі так, дык ці то палова ахвяраў “кавіда” прыпадае на Магілёў, ці то ў чарговы раз узнікае недавер да статыстыкі Мінздароўя.