У Магілёве пачаўся стрыт-арт фестываль DOMA. Галоўная ідэя фэсту – даць магчымасць творчым людзям мовай сучаснага мастацтва выказаць сваё бачанне і стаўленне да свайго гораду, да свайго двара і дома. Канцэпцыя фестывалю базуецца на раскрыцці «лакальных сэнсаў» асобных аб’ёктаў у гарадскіх дворыках, пераўтварэнне іх у матэрыяльнае ўвасабленне думак і мараў асобных творцаў.
Пад час фэсту плануецца стварэнне двух вялікіх муралаў па вуліцы Ціміразеўскай і Першамайскай, а таксама ўпрыгожванне больш за 10 цеплапунктаў і іншых аб’ектаў у цэнтры гораду. Акрамя гэтага ў рамках фестывалю пройдуць розныя імпрэзы – гульня «Народны тапонім», варкшоп «Ментальныя мапы горада», кіно і выстава пад адкрытым небам, dj-сэты, майстар-класы па графіці і іншыя інтэрактыўныя мерапрыемствы.
Ініцыятар фестывалю – Цэнтр гарадскіх ініцыятыў у рамках праграмы развіцця моладзі «Далучайся!» сабраў заяўкі на ўдзел у фестывалю ад 29 творчых маладых людзей з Магілёва, Віцебска і Мінска. У мастакоў будзе амаль два тыдні, каб завяршыць працы да святкавання Дня горада.
Фестываль вулічнай культуры DOMA стартаваў 15 чэрвеня з «Графіці-сняданка», які прайшоў у дворыку дома №6 па Ленінскаму бульвару. Тут сабраліся арганізатары і мастакі-удзельнікі, каб абмеркаваць розныя тэхнічныя моманты, падзяліцца досведам па стварэнні арт-аб’ектаў, замацаваць свае ідэі ў канчатковым выглядзе з улікам парадаў сябраў-калегаў.
Невялічкі каментар даў актывіст і “загадчык гаспадаркай” ЦГІ Кірыл Дарашэнка:
“Гэта будуць аўтарскія праекты, якія кожны з мастакоў будзе рэалізоўваць з дапамогай валанцёраў. Акрамя двух вялікіх муралаў будуць ператвораныя ў арт-аб’екты сцены ў дваравых пабудовах, невялікія кавалкі парканаў, вентыляцыйныя шахты бамбасховішчаў. Будуць не толькі графіці, але і інсталяцыі. Усе праекты – а іх каля дваццаці, цалкам узгодненыя, як лакацыі аб’ектаў, так і самі эскізы.”
А вось што пра свае ідэі распавялі некаторыя з аўтараў праектаў.
Жэня Цыганкова:
“Я хачу зрабіць «Куб праўды», калі чалавек, гледзячы на мой арт-аб’ект, можа паразважаць, што ён хоча чуць, а можа ён хоча зараз размаўляць, але не хоча слухаць. Мне яшчэ вельмі хочацца, каб людзі не толькі маглі паглядзець на малюнак, але і тактыльна дакрануцца да інсталяцыі – мая ідэя ў тым, каб стварыць гіпсавыя слепкі ў выглядзе твараў людзей, вушэй, вуснаў.”
У такі арт-аб’ект запланавана пераўтварыць вентыляцыйныя шашты бомбасховішчаў у дворыку дома №6 па Ленінскаму бульвару – як раз там, дзе і адбыўся «Графіці-сняданак».
Раткіна Юля:
“Ідэя майго твора – зрабіць выяву чалавека ў выглядзе пазлу, дзе рука быццам збірае самога чалавека па кавалачкам. Сутнасць ідэі ў тым, што ў пэўныя моманты, напрыклад, калі чалавек некуды з’язджае, унутраны свет чалавека быццам распадаецца, а калі вяртаешся дадому, усё вяртаецца на свае месцы.”
Мурал ад Юлі з’явіцца адной са на сценаў пабудовы ў тым жа дворыку.
Аліса Дзегцярова:
“На сваім малюнку я змясціла сябе і сваіх сяброў, быццам мы ў краме гуляем у «твістэр». Мая ідэя ў тым, што ты адчуваеш сябе паўсюль дома, калі ў цябе ёсць сябры, ёсць падтрымка, і ты можаш паводзіць сябе так, як сам жадаеш, нават пагуляць у твістэр у краме. Дом там, дзе табе ўтульна і камфортна”.
Аб’ект з’явіцца ў двары па вуліцы Крыленка, непадалёку ад ГЦ Панарама.
Кацярына Красавік:
“У выяве стылізаваныя два чалавекі, якія кажуць адно адному пра каханне. Малюнкі будуць змешчаныя пад вуглом на паркане – быццам выявы твараў людзей глядзяць адзін на другога”.
А гэты мурал будзе створаны ў адным з двароў па Пажарнаму завулку.
Рэалізаваць усе арт-аб’екты мяркуецца да 26 чэрвеня – на гэты дзень запланавана творчая сустрэча з мастакамі, а так сама экскурсія па аб’ектах. Старт экскурсіі адбудзецца а 20-й гадзіне ад дому №29 па вуліцы Ленінскай.
Яшчэ адна сустрэча з мастакамі, якая пройдзе ў фармаце майстар-класу з “графіці-сушкай”, пройдзе 19 чэрвеня. У двары дому №12 па вуліцы Першамайскай будзе змешчана творчая лакацыя з выставай эскізаў і фотаздымкаў ад урбан-мастакоў. Самі мастакі падзеляцца з удзельнікамі досведам, распавядуць, што такое графіці, муралы і падобнае. Кожны ўдзельнік майстар-класу зможа паспрабаваць свае сілы ў якасці гарадскога мастака.
Акрамя ўсяго, яшчэ кожны магілёвец можа і сам далучыцца да ўдзелу ў рэалізацыі арт-праектаў у якасці валанцёра, бо мастакам патрэбная дапамога. Для гэтага трэба толькі запоўніць анкету валанцёра, і з вамі звяжуцца.
Галоўны арганізатар стрыт-арт фестывалю DOMA – Цэнтр гарадскіх ініцыятыў, актыўна падтрымалі ідэю і дапамагаюць з арганізацыяй ўпраўленне культуры Магілёўскага гарвыканкама і “Магілёўскі гарадскі Цэнтр культуры і вольнага часу”.
Партнёры фестывалю: Caparol Center | Капарол цэнтр, крэатыўная лабараторыя MROI, кампанія “Aresa”, інфармацыйны праект Магілёў Live.
Праграма развіцця моладзі «Далучайся!» рэалізуецца Цэнтрам гарадскіх ініцыятыў у партнёрстве з Міжнароднай некамерцыйнай арганізацыяй Pact пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID).
Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара