Пра несуцяшальныя вынікі капітальнага рамонту жылога фонду Магілёва паведамілі ва ўпраўленні камунальных прадпрыемстваў Магілёўскага гарвыканкама. Аб’ёмы зробленых работ зніжаюцца ўжо тры апошнія гады.
Дырэктар упраўлення камунальных прадпрыемстваў Міхаіл Галушкоў 16 лютага распавёў аб планах капітальнага рамонту ў 2022 годзе ў Магілёве. З яго словаў на падставе перспектыўнай (на пяць гадоў) праграмы і бягучага (на адзін год) графіку плануецца сёлета адрамантаваць 35 жылых дамоў, што складзе 3% жылля ад агульнай плошчы жылых дамоў, якія эксплуатуюцца арганізацыямі ЖКГ.
На першы погляд гэта ўнушальныя лічбы. Але калі параўнаць запланаванае з неабходнасцю, з колькасцю дамоў, жыхары якіх жывуць у нездавальняючых умовах, а таксама са здзяйсненнямі мінулых гадоў, то карціна выглядае зусім не так аптымістычна. Так, нават у параўнанні са зусім не ўзорным цяжкім 2020 годам, калі быў выкананы капітальны рамонт 37 жылых дамоў, ажыццёўлены ўвод пасля капітальнага рамонту агульнай плошчы 193 253 м2, у 2021 годзе быў правал: капітальна адрамантаваны 34 жылыя дамы з уводам агульнай плошчы пасля капітальнага рамонту ў памеры 164 218 м2. Такім чынам, летась адрамантавана на 3 дамы або 30 тысяч квадратных метраў меней, чым год таму.
Сёлета планы большыя, але і яны не дацягваюць да вынікаў не самага паспяховага 2020 года. Згодна з бягучым графікам капітальнага рамонту жыллёвага фонду 2022 года, запланавана выканаць капітальны рамонт 35 жылых дамоў з уводам агульнай плошчы 171 426 м2.
Найперш будуць капітальна адрамантаваны наступныя жылыя дамы:
- № 32 па вуліцы Касманаўтаў,
- № 33 па вуліцы Каліноўскага,
- № 28 па вуліцы Арлоўскага,
- № 7а па завулку Мечнікава
- № 14 па вуліцы Каралева.
- № 6 па вуліцы Цыялкоўскага.
- №№ 125, 62б і 65. Па вул. Крупскай.
Сёлета таксама плануюць прыступіць да капітальнага рамонту домоў: № 4 па вуліцы Язерскай; № 6 па бульвары Леніна, № 27 па праспекце Міра; № 43 па вуліцы Піянерскай; № 69а па вуліцы Першамайскай, №22 па вуліцы Габроўскай; №61а па вуліцы Грышына; №15 па бульвары Непакораных; №45 па вуліцы Чырвоназорнай; №20 па вуліцы Мельнікава; № № 30а, 33, 39а, 62 па бульвары Непакораных; № 39 па праспекце Пушкінскім; №5 па вуліцы Куцепава; №4 па вуліцы Кутузава; №5 па вуліцы Будаўнікоў; №№ 55 і 67 па вуліцы Якубоўскага. Іншыя дамы яшчэ чакаюць вызначэння сваіх падрадчыкаў работ.
Значнае павелічэнне капрамонту ўлада плануе распачаць толькі з 2023 года. З бягучым графікам капітальнага рамонту жыллёвага фонду 2022 можна азнаёміцца на сайце www.mogilev.gov.by.
фота: mogilevnews.by