У аддзеле адукацыі Магілёўскага райвыканкаму Свабодзе сказалі, што гэта не распараджэньне, а «проста была даведзеная інфармацыя».
Дакумэнт, пад якім значыцца прозьвішча начальніка аддзелу адукацыі Магілёўскага райвыканкаму Натальлі Колас, зьявіўся на тэлеграм-канале NEXTA.
У ім аддзел адукацыі Магілёўскага райвыканкаму забараніў вучням і работнікам установаў адукацыі ставіць падабайкі ў сацыяльных сетках, рабіць спасылкі і камэнтаваць «усялякую» інфармацыю, зьвязаную з пашырэньнем каранавіруснай інфэкцыі.
Гэта адна зь мераў дзеля «забесьпячэньня эпідэміялягічнага рэжыму ва ўстановах адукацыі».
Кіраўнікі ўстановаў адукацыі павінны пазнаёміць з гэтымі правіламі вучняў, работнікаў і бацькоў.
Натальля Колас спытала ў карэспандэнта Свабоды, ці ёсьць яе подпіс пад гэтым дакумэнтам. Маўляў, «ці мала хто можа гэта напісаць».
«Я цяпер знаходжуся ў камандзіроўцы. Пакуль нічога не магу сказаць», — сказала Натальля Колас.