Познім вечарам 15 жніўня з ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама былі адпушчаны апошнія затрыманыя за падзеі, звязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года. Імі аказаліся магілёўскія журналісты.
Бальшыня журналістаў была выпушчана з пад арышту датэрмінова. 14 жніўня выйшаў на волю Аляксандр Сідарэўскі, якога 13 жніўня суддзя суда Кастрычніцкага раёна Магілёва Наталля Ясенка пакарала 8 суткамі арышту, нібыта, за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Сідарэўскі быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі вечарам 11 жніўня разам з калегай Алінай Скрабуновай.
Аліна Скрабунова, якой суддзя Таццяна Міхайлава таксама вызначыла 8 сутак арышту, была адпушчана з Магілёўскага ІЧУ вечарам 15 жніўня. Крыху пазней выйшлі на волю галоўны рэдактар “Магілёўскага рэгіёну” Зміцер Салаўёў і журналіст нашага партала Уладзімір Лапцэвіч.
Апошнімі, ужо пасля 23:00, пакідалі будынак Магілёўскага ІЧУ журналісты і праваабаронцы , два Аляксандры Бураковы, малодшы і старэйшы. Калі Буракоў-малодшы быў адпушчаны датэрмінова, то Буракоў-старэйшы цалкам адбыў дзясяцідзённы тэрмін пакарання.
Усе выйшаўшыя на волю журналісты лічаць, што іх затрымалі і асудзілі да арышту абсалютна незаконна. Такога ж меркавання прытрымліваюцца іх калегі з Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ”. Яны лічаць, што затрыманні і прысуды журналістам былі палітычна матываваныя, і ажыццяўляліся для таго, каб абмежаваць доступ грамадзян да неперадузятай інфармацыі з незалежных крыніц.
Нагадаем, што ў пятніцу, 14 жніўня, падчас сустрэчы з прадстаўнікамі міністэрства інфармацыі ГА “БАЖ” перадало спісы затрыманых журналістаў, настойвала на іх вызваленні.
Іван Барысаў. Фота аўтара