Стала вядома, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі ў Магілёве яшчэ аднаго журналіста-фрылансера – Аляксандра Буракова (малодшага).
Аляксандр Буракоў (малодшы) з’яўляецца журналістам магілёўскага праваабарончага рэсурсу mspring.online. У якасці журналіста гэтага інтэрнэт-сайта ён актыўна ўдзельнічаў ў асвятленні падзей, якія мелі месца ў Магілеве 5-6 мая, і былі звязаны з прыездам у горад вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага.
Аляксандр Буракоў ведаў, што яго шукаюць супрацоўнікі міліцыі, таму некалькі дзён не выходзіў з кватэры. Але ў пятніцу раніцай міліцыянты з’явіліся ў кватэры разам з гаспадыняй жытла і затрымалі журналіста, распавёў “Магілёўскаму рэгіёну” праваабаронца Барыс Бухель.
Аляксандра павезлі ў аддзяленне міліцыі Ленінскага раёна Магілёва. Хутчэй ха ўсё, яго абвінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях пратэсту ў падтрымку Ціханоўскага, якія ён асвятляў, і якія праходзілі ў Магілёве 5 і 6 мая.
Пакуль невядома, калі адбудзецца суд над журналістам. Як і яго калегам, А. Буракову пагражае арышт альбо буйны штраф.
Раней былі пакараныя арыштамі за асвятленне акцый ў падтрымку Ціханоўскага магілёўскія журналісты Алесь Асіпцоў, Аляксандр Буракоў (старэйшы) і Міхаіл Аршынскі.
Сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” з Магілёўскай вобласці прынялі адмысловую заяву з патрабаваннем вызваліць сваіх калег, прыцягнутых да адказнасці за ўдзел у “несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах” у Магілёве.
Іван Барысаў