Вечарам 11 жніўня знянацку перасталі адказваць на тэлефанаванні магілёўскія журналісты Аліна Скрабунова і Аляксандр Сідарэўскі. Пасля працяглых пошукаў толькі сёння ўдалося высветліць, што журналісты знаходзяцца ў ІЧУ ў Магілёве.
За што супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі Скрабунову і Сідарэўскага, невядома. Па словах калег, журналісты вечарам 11 жніўня знаходзіліся паблізу плошчы Славы. Там яны павінны былі сустрэцца з чалавекам, які абяцаў паведаміць цікавую інфармацыю пра затрыманні ў Магілёве. Дзесьці пасля 18:30 тэлефоны Скрабуновай і Сабалеўскага перасталі адказваць, аднак яны паспелі даслаць паведамленне аб затрыманні знаёмым.
Толькі сёння маці затрыманых удалося высветліць, што журналістаў схапілі праваахоўнікі. Што ім інкрымінуецца, і дзе знаходзяцца журналісты, супрацоўнікі міліцыі не паведамілі.
Таксама праваабаронцам пакуль не ўдалося даведацца, калі адбудзецца суд над Скрабуновай і Сабалеўскім. “Магілёўскі рэгіён” будзе адсочваць развіццё сітуацыі і паведамляць пра тое, у чым на гэты раз правініліся перад уладамі незалежныя журналісты.
Нагадаем, што зараз за кратамі ў Магілёўскім ІЧУ знаходзяцца пад арыштам незалежныя журналісты Аляксандр Буракоў-старэйшы (10 сутак), Уладзімір Лапцэвіч (12 сутак), Аляксандр Буракоў-малодшы (10 сутак), Зміцер Салаўёў (8 сутак).
Іван Барысаў