У Магілёве вечарам 7 мая супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы мясцовы журналіст і блогер Міхаіл Аршынскі.
Пра сваё затрыманне М. Аршынскі здолеў паведаміць калегам-журналістам. Супрацоўнікі міліцыі даставілі Аршынскага ў Ленінскі РАУС Магілёва. У РАУС яму паведамілі, што ён затрыманы ў межах артыкула 23.34 КаАП да суда за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
На думку магілёўскіх праваабаронцаў, падставай для затрымання стала тое, што журналіст рабіў стрым з акцыі ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага каля ІЧУ ў Магілёве пасля яго затрымання 6 мая.
Таксама “Магілёўскай вясне” стала вядома аб затрыманні як мінімум чацвярых удзельнікаў акцыі 5 мая. У той дзень каля 17:30 два аўто, на якіх перасоўвалася каманда «Краіны для жыцця», былі спыненыя супрацоўнікамі ДАІ на Віцебскім праспекце побач са стадыёнам «Тарпеда». Аднак магілёўцам удалося не дапусціць затрымання блогераў супрацоўнікамі міліцыі, тыя вымушаны былі сыйсці.
Згодна інфармацыі праваабаронцаў, затрыманыя Сцяпан Лазаронак, Вячаслаў Зайцаў, Арцём Сакаў і вядучы стрыму Уладзімір Няронскі, які замяніў Сяргея Ціханоўскага на сустрэчы з магілёўцамі.
Праваабаронца Барыс Бухель паведаміў “Магілёўскаму рэгіёну”, што каля 23-00 Міхаіл Аршынскі быў дастаўлены ў Магілёўскі ІЧУ, дзе ён правядзе ноч у чаканні суда.
Па словах Б.Бухеля, праваабаронцы будуць дзяжурыць заўтра з раніцы ў судах Магілёва, каб даведацца пра тое, якое пакаранне будзе вынесена Міхаілу Аршынскаму і іншым затрыманым.
Іван Барысаў