На сайце petitions.by з’явілася абвестка, у якой жыхароў Магілёва заклікаюць паставіць свае подпісы пад зваротам супраць будаўніцтва будынка бізнэс-цэнтра па вуліцы Ленінскай у Магілёве.
Будынак плануюць пабудаваць па адрасе вуліца Ленінская, 50А ў Магілёве. Зараз у гэтым месцы знаходзіцца двухпавярховы жылы дом з былой карэтнай, пабудаваны ў 1890-х гадах. Жыльцы дома выступаюць супраць зноса будынка.
У дадзены час праходзіць грамадскае абмеркаванне архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі аб’екта «Многофункциональное здание бизнес-центра по ул. Ленинской, 50А в г. Могилёве, со сносом двухэтажного жилого дома, гаражей и благоустройством территории».
Складальнікі петыцыі заяўляюць аб недапушчальнасці ўзвядзення дадзенага аб’екта. Яны лічаць, што бізнес цэнтр плануецца ўзвесці на ўнутрыквартальнай тэрыторыі, на месцы добразахаванага дарэвалюцыйнага дома з карэтнай, які будзе, такім чынам, знішчаны. Паводле праекта зон аховы гістарычнага цэнтра Магілёва (ПЗА), дадзеная тэрыторыя знаходзіцца ў межах зоны рэгулявання забудовы, у якой усе віды новага будаўніцтва рэгламентуюцца па вышыні і іншых паказчыках.
Таксама аўтары петыцыі звяртаюць увагу на тое, што ўзнікаюць пытанні наконт пажарнай бяспекі: заціснуты сярод існуючай забудовы будынак можа мець праблемы з тушэннем пажару на верхніх паверхах, асабліва з боку стадыёна, дзе шырыня праезду складае ўсяго 5,6 м.
Улічваючы гэтыя і іншыя абставіны, яны просяць не прымаць да ўзгаднення дадзены праект.
Петыцыя будзе накіраваная на адрас Магілёўскага гарвыканкама і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Ірына Беганкіна