Галоўная » У Магілёў на адзін дзень прывязуць нематэрыяльную гісторыка-культурную каштоўнасць

У Магілёў на адзін дзень прывязуць нематэрыяльную гісторыка-культурную каштоўнасць

Найстарэйшы і легендарны спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Паўлінка» пакажуць на сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатру 22 красавіка.

П’есу «Паўлінка» Янка Купала напісаў у 1912 годзе, упершыню яна была пастаўленая 27 студзеня 1913 году ў Вільні на вечарынцы ў рабочым клубе «Сокал» Беларускім музычна-драматычным гуртком. А ўжо 9 лютага 1913 году «Паўлінка» была паказаная ў Пецярбургу Беларускім навукова-літаратурным гуртком студэнтаў у пастаноўцы артыста Александрынскага тэатру К. Бэкін-Драздова. Янка Купала актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы спектаклю – у размеркаванні роляў, кансультаваў на рэпетыцыях.

Янка Купала сярод сябраў Беларускага літаратурна-навуковага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта пасля другой пастаноўкі «Паўлінкі», люты 1913 г.

Прэм’ера «Паўлінкі», якую пакажуць у Магілёве, адбылася ў 1944 годзе ў горадзе Томску, дзе Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы знаходзіўся ў эвакуацыі. Паставіў спектакль заслужаны дзеяч мастацтваў БССР рэжысёр Леў Літвінаў. Пастаноўка за доўгія гады свайго існавання ператварылася ў сапраўдную візітоўку, сімвал Купалаўскай сцэны. За час існавання спектакля ўдзел у ім бралі некалькі пакаленняў найлепшых артыстаў краіны, а сам ён стаў сапраўднай школай сцэнічнага майстэрства. І менавіта гэтай пастаноўкай у Купалаўскім тэатры штогод адкрываецца новы сезон! Сакрэт такога ўнікальнага поспеху – у спалучэнні яскравых народных характараў, цікавага сюжэту, народных песень і танцаў, мілагучнай мовы класіка беларускай літаратуры і выдатнага майстэрства выканаўцаў.

Сцэнка з “арыгінальнага” спектакля 1944 года
Пастаноўка “Паўлінкі” у сучасным выкананні на сцэне Купалаўскага тэатра (фота з сайту тэатра)

У снежні мінулага года адзінагалосным рашэннем Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінінстэрстве культуры Рэспублікі Беларусь Купалаўскай «Паўлінцы» нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Спектакаль Янкі Купалы «Паўлінка» у пастаноўцы рэжысёра Льва Літвінава можна будзе паглядзець 22 красавіка, пачатак – 18:30.
Рэкамендаваны ўзрост прагляду спектакля «Паўлінка» : 12+

Білеты ў продажы з 4 лютага ў касе Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, на сайце kinoteatr.megamag.by і ў распаўсюднікаў, кошт білетаў: 27, 25, 20, 15 р.
Каса тэатра: 8 (0222) 65-66-04

Алесь Сабалеўскі