Галоўная » У Магілёве абмеркавалі новы закон “Аб персанальных дадзеных”

У Магілёве абмеркавалі новы закон “Аб персанальных дадзеных”

У Магілёве адбыўся крулы стол “Права на інфармацыю і межы прыватнасці”, падчас якога мясцовыя бажаўцы разам з грамадскімі актывістамі абмеркавалі прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні закон “Аб персанальных дадзеных”.

Удзельнічалі ў сустрэчы, якая праходзіла ў гасцінных сценах Грамадскага цэнтра “Кола”, два з  паловай дзесяткі журналістаў і грамадскіх актывістаў з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны.

У госці да магілёўцаў таксама завіталі намеснікі старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алег Агееў і Аліна Суравец, а таксама юрыст Прававога цэнтра БАЖ Алег Мацкевіч.

Напачатку круглага стала з кароткім уступным словам выступіў Алег Агееў. Ён прапанаваў удзельнікам мерапрыемства абмеркаваць, што новага пасля прыняцця прынясе для журналістаў і для простых грамадзян закон “Аб персанальных дадзеных”, і як гэта можа адбіцца на працы тых, хто збірае інфармацыю. Намеснік старшыні БАЖ адзначыў, што круглы стол у Магілёве распачынае цэлы шэраг мерапрыемаў па абмеркаванню гэтага закона, якія Беларуская асацыяцыя журналістаў плануе правесці ў розных рэгіёнах Беларусі.

Юрыст Алег Мацкевіч распавеў удзельнікам круглага стала, што новага для грамадзян краіны нясе закон “Аб персанальных дадзеных”, наколькі ён важны для грамадства і як яго прыняццё адаб’ецца на працы журналістаў і СМІ.

У сваёй прэзентацыі Мацкевіч адзначыў, што 13 чэрвеня 2019 года Палата прадстаўнікоў прыняла закон “Аб персанальных дадзеных” у першым чытанні. Ужо ў хуткім часе адбудзецца другое чытанне законапраекта, пасля чаго ён будзе зацверджаны ў Савеце Рэспублікі і падпісаны прэзідэнтам. Праз год пасля гэтага палажэнні новага закона ўступяць у сілу.

Падобныя нарматыўныя прававыя акты ўжо дзейнічаць у больш, чым 40 краінах свету. На дадзены момант у заканадаўстве Беларусі паняцце “персанальныя дадзеныя” выкарыстоўваецца, але, тым не менш, на думку спецыялістаў, яно не адпавядае сучасным прававым падыходам і патрабаванням.

Беларусь — адна з апошніх краін Еўропы, якая прымае закон, што рэгулюе выкарыстанне персанальных дадзеных.

Закон «Аб персанальных дадзеных», які разглядаецца зараз у Беларусі, закліканы забяспечыць абарону правоў і свабод грамадзян пры зборы, апрацоўцы, распаўсюдзе або прадастаўленні іх персанальных дадзеных. Алег Мацкевіч падрабязна распавёў пра ўсе навелы новага заканадаўчага акта, асобна надаўшы ўвагу таму, якія дыскусійныя пытанні ўзнікаюць падчас яго абмеркавання. На думку Мацкевіча, прыняццё закона «Аб персанальных дадзеных» — гэта вялікі крок наперад для беларускага грамадства.

Пасля сканчэння прэзентацыі Алег Мацкевіч разам з Алегам Агеевым адказалі на шматлікія пытанні, якія ўзніклі ў удзельнікаў сустрэчы наконт канкрэтных палажэнняў новага нарматыўнага акта.

У другой частцы круглага стала, на якой у якасці мадэратара выступаў Алег Агееў, удзельнікі дыскутавалі наконт таго, наколькі добра, што такі закон з’явіўся ў Беларусі і што новага патрэбна будзе ўлічваць у сваёй працы журналістам. Дыскусію атрымалася вострай і змястоўнай, свае меркаванні імкнуліся выказаць практычна ўсе ўдзельнікі сустрэчы. Сваімі думкамі наконт новага закона падзяліліся Петр Мігурскі, Валерый Каранкевіч, Барыс Вырвіч, Міхась Аршынскі, Зміцер Антончык, Алесь Сабалеўскі, Яўген Глушкоў, Юрый Плоткін, Аляксандр Буракоў (малодшы), Алег Мацкевіч і іншыя.

Намесніца старшыні ГА “БАЖ” Аліна Суравец у адказ на пытанні ўдзельнікаў круглага стала запэўніла, што тыя персанальныя дадзеныя, якія збірае БАЖ пра сваіх сябращ, знаходзяццца ў надзейных руках. Яны добра абароненыя і ніколі не будуць даступныя нейкім іншым асобам.

Вынікі дыскусіі падвеў Алег Агеў. Ён адзначыў, што прыняццё закона “Аб персанальных дадзеных” будзе насіць станоўчы характар. Закон будзе бараніць нас, грамадзяне атрымаюць усебаковую ахову сваіх персанальных дадзеных. Разам з тым прыняццё новага закона адаб’ецца на працы журналістаў, асабліва журналістаў-фрылансераў, і на працы рэдакцый СМІ, якія працуюць з персанальнымі дадзенымі, ды і, наогул, на аператарах персанальных дадзеных.

Таксама Агееў выказаў занепакоенасць, што дзяржава можа выкарыстаць у цэлым добры закон у сваіх мэтах, калі ён будзе выкарыстоўвацца не па прызначэнню. Таксама вельмі важна, які дзяржаўны орган будзе адказваць за абарону персанальных дадзеных, каб закон запрацаваў у поўным аб’ёме.

Удзельнікі круглага стала ў Магілёве падзякавалі мадэратараў за вельмі цікавае мерапрыемства і запрасілі іх часцей наведваць горад. Згодна агульнага меркаванння, сувстрэча атрымалася вельмі карыснай для яе ўдзельнікаў, яны атрымалі шмат карыснай інфармацыі.

Пасля невялікага перапынку ў той жа дзень 26 чэрвеня з ГЦ “Кола” адбыўся сход сябраў Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ”. Намеснікі старшыні арганізацыі Аліна Суравец і Алег Агееў распавялі магілёўцам пра адукацыйную праграму і кампаніі, якія ладзіць ГА “БАЖ”, і заклікалі іх да актыўнага ўдзелу ў гэтых мерапрыемствах. Прадстаўнікі кіраўніцтва БАЖ выслухалі прапановы сябраў арганізацыі з Магілёўшчыны, што патрэбна для актывізацыі яе дзейнасці ў рэгіёне. Свае прапановы выказалі старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, журналісты з Хоцімска і з Шклова Валерый Каранкевіч і Петр Мігурскі, галоўны рэдактар “Магілёўскага выбару” Зміцер Салаўёў і інш.

Старшыня Магілёўскай суполкі БАЖ Барыс Вырвіч праінфармаваў сябраў суполкі пра запланаваныя на бліжэйшы час мерапрыемствы ў Магілёве і рэгіёнах. Адбылася дыскусія наконт таго, якія яшчэ імпрэзы неабходна правесці бажаўцам Магілёўшчыны, і што патрэбна зрабіць для паляпшэння дзейнасці незалежных СМІ у рэгіёне. Было вырашана, што канкрэтныя планы правядзення ме5рапрыемстваў будуць расправцаваныя іх ініцыятарамі ў бліжэйшы час, пасля чаго Праўленне БАЖ разгледзіць магчымасці па іх ажыццяўленню.

Фота: Алесь Сабалеўскі

Тэкст: baj.by