Галоўная » У Магілёве адбудзецца канцэрт у межах фестывалю “Рок за жыццё”

У Магілёве адбудзецца канцэрт у межах фестывалю “Рок за жыццё”

Упершыню канцэрт у межах фестывалю “Рок за жыццё” пройдзе ў Магілёве. 6 кастрычніка на сцэну клуба “Куба” выйдуць “Петля Пристрастия”, “Разбітае Сэрца Пацана”, Re1ikt, Luty Sakavik.

Фестываль “Рок за жыццё”, прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, пройдзе ў чацвёрты раз. Пятага кастрычніка адбудзецца канцэрт у Мінску, а шостага – у Магілёве. У фестывалі прымуць удзел папулярныя рок-гурты, якія падтрыміваюць ідэю ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне.

Па словах арганізатара Тыдня супраць смяротнага пакарання Андрэя Палуды, вельмі важна цягам Тыдня паказаць, што грамадзянскай супольнасці сапраўды неабыякава праблема існавання ў Беларусі смяротнага пакарання:

“Мы вітаем любыя арганізацыі і ініцыятывы з ўсіх куткоў краіны, якія гатовыя далучыцца да Тыдня і праводзіць у яго межах свае адукацыйна-асветніцкія і іншыя мерапрыемствы. Калі ў кагосьці ёсць уласныя ідэі, ці ёсць жаданне правесці нейкае мерапрыемства, напрыклад, дыскусію ў навучальнай установе па тэме смяротнага пакарання, і патрэбна дапамога ці кансультацыя экспертаў, то смела можна звяртацца да нас. Таксама кожны з нас можа зрабіць самыя простыя рэчы: распаўсюджваць петыцыю за адмену смяротнага пакарання, публікаваць пасты ў сацыяльных сетках з хэштэгамі #DeathPenalty  #AbolitionNow #We4Life2019. Мы будзем вельмі ўдзячны, бо гэта таксама добры ўнёсак у агульную справу”.

Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання адзначаецца 10 кастрычніка. Ён заснаваны Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання — аб’яднаннем прафсаюзаў, мясцовых і рэгіянальных органаў улады, юрыдычных асацыяцый, а таксама праваабарончых арганізацый з мэтай паўсюднай забароны на гэты від вышэйшай меры пакарання. Прыхільнікі руху выступаюць супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння, незалежна ад характару злачынства, характарыстык злачынцы і спосабу, якім дзяржава пазбаўляе жыцця асуджанага. Смяротнае пакаранне парушае права на жыццё, абвешчанае ў Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека.

Беларусь дагэтуль застаецца адзінай еўрапейскай краінай, якая прымяняе смяротнае пакаранне. Паводле звестак праваабаронцаў, за апошнія дваццаць гадоў у краіне пакарана больш за 400 чалавек.

Вядомыя музыкі ва ўсім свеце актыўна выступаюць супраць гэтай антыгуманнай меры. Адпаведны зварот да беларусаў у 2010 годзе запісаў Стынг, у 2014-м у праекце «Апошні золак» паўдзельнічалі Ганна Хітрык, Алесь Дзянісаў, Лявон Вольскі, Віктар Рудэнка, Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Памідораў і Анастасія Шпакоўская. Фестываль “Рок за жыццё” раней праводзіўся ў Брэсце, Віцебску і Мінску.

“Я супраць смяротнага пакарання, таму што потым ужо нічога не выправіць”, — лаканічна выказваецца фронтмен “Пятлі” Ілля Чарапко-Самахвалаў.

ПЕТЛЯ ПРИСТРАСТИЯ, РСП, RE1iKT, LUTY SAKAVIK

6 кастрычніка, Магілёў, клуб Cuba (вул. Першамайская, 29)
Дзверы: 17.00
Пачатак: 18.00
Квіткі: ад 10 руб.
Даведкі: +375 29 570 38 59

Вікторыя Бялова