На ўездзе ў Магілёў з боку Менску другі год будуюць трыумфальную арку. Чыноўнікі другі раз збіраюць на будоўлю добраахвотна-прымусовыя ахвяраванні ў працоўных калектывах. А тым часам сабекошт аркі, якую будуюць выключна для прыгажосці, складае каля двух мільёнаў долараў.
Знакамітая Трыумфальная арка ў Парыжы або арка Канстанціна ў Рыме – вядомыя архітэктурныя славутасці. Неўзабаве сваю трыумфальную арку мае атрымаць… Магілёў. Але ў чым яе гістарычны сэнс?
Не ведаюць адказу на гэтае пытанне і жыхары гораду. Дык ці патрэбная Магілёву трыумфальная арка?
«З аднаго боку, прыгожа, з іншага боку, незразумела, навошта гэтае манументальнае збудаванне».
«У сённяшняй цяжкай эканамічнай сітуацыі, напэўна, гэта не найлепшы варыянт расходавання бюджэтных сродкаў».
«Грошы можна накіраваць на тыя ж дзіцячыя садкі, тыя ж школы – хутка пачнецца школьны сезон – тыя ж больніцы, паліклінікі».
«Няхай лепей пабудуюць дарогі нават не ў Магілёве, ува ўсёй краіне, чымся гэтая арка. Яна зусім не патрэбная».
«Калі ёсць у бюджэце грошы, чаму ж не. Але з народу браць – гэта занадта».
«На самой справе я не бачыла гэтую арку. Але я думаю, што гэта вельмі добрая справа. І людзі, калі, канешне. Яны жадаюць, могуць даць грошы».
«На людзях гэта як адаб’ецца, у мяне пытанне. Лепей бы гэтыя грошы пусцілі ў сацыяльную сферу».
А тым часам мясцовыя чыноўнікі для збору грошаў на арку ўключаюць адміністратыўны рэсурс: на прадпрыемствы гораду прыходзяць афіцыйныя лісты з просьбай арганізаваць ахвяраванні сярод працаўнікоў. Пры гэтым мясцовыя актывісты падазраюць наяўнасць карупцыйнага складніку пры будоўлі аркі.
«З людзей можна збіраць тое, што ідзе ад сэрца, тое, што патрэбна. Калі ж гэта навязваецца зверху, то гэта проста выцягванне даніны. Гэта не ёсць народнае будаўніцтва», – мяркуе актывіст Зміцер Салаўёў.
Распавесці падрабязнасці ні пра будаўніцтва, ні пра яго кошт, нам не змаглі нават ва Упраўленні архітэктуры і горадабудаўніцтва Магілёўскага гарвыканкаму.
«Адзінаццатага чысла будзе архітэктар, паспрабуйце яму патэлефанаваць, можа, ён нешта ведае», – заявіў прадстаўнік Магілёўскага гарвыканкаму Аляксей Грышкін.
Але, як паведамляе сайт mspring.online, спасылаючыся на інфармацыю сваіх крыніцаў, трыумфальная арка, згодна каштарысу, абыдзецца магілёўцам ажно ў тры мільёны восемсот сорак дзевяць тысячаў сто дваццаць адзін рубель.
Арцём Лява, «Белсат»