Яшчэ адзін з яе назоваў – Трыдэнцкая меса, альбо Лацінская (бо цалкам вядзецца на лацінскай мове, хоця філолагі называюць яе “мёртвай мовай”). Асобны дазвол на яе ў кастрычніку мінулага года даў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Рэгулярная цэлебрацыя Імшы ў надзвычайнай форме Рымскага Абраду адбываецца толькі ў Магілёве.
9 лютага ахвочыя вернікі з усёй краіны рыхтуюцца наведаць Касцёл Святога Станіслава. Для гэтага нават створаныя адмысловыя старонкі ў сацсетках з расповядам, якім транспартам можна дабрацца да Магілёва з розных куткоў краіны.
Форма Рымскага абраду раней была ўзорнай у каталікоў на працягу амаль чатырох стагоддзяў – ад Трыдэнцкага да Другога Ватыканскага Сабору. Акурат на Трыдэнцкім Саборы ў 1570 годзе адбылася канчатковая яго ўніфікацыя. Апошняя зацверджаная Касцёлам форма цэлебрацыі святой Імшы да літургічнай рэформы Другога Ватыканскага Сабору адносіцца да 1962 года, і менавіта яна з’яўляецца сёння афіцыйна дазволенай для цэлебрацыі надзвычайнай формай Рымскага абраду.
На прасторах былога СССР склалася досыць унікальная сітуацыя для каталіцтва ўсёй Еўропы, калі з-за атэістычных ганенняў Трыдэнцкая меса была ўвогуле забытая. Адраджэнне каталіцтва адбывалася ўжо на аснове новай формы набажэнства (Новай месы). Большасць вернікаў ніколі ў жыцці не мелі досведу ўдзелу ў Надзвычайнай (Extraordinaria) форме літургіі царквы. Цяпер Магілёў становіцца месцам адраджэння страчанага.
У культурным плане Імша ў надзвычайнай форме Рымскага абраду цікавая тым, што толькі тут можна пачуць сапраўдныя грыгарыянскія харалы і натуральную лацінскую мову. Да таго ж яна ўніверсальная – дакладна так яна вядзецца ў любым каталіцкім храме па ўсім свеце. Імша на лацінскай мове будзе цэлебравацца раз на месяц, у кожную другую нядзелю.
Фота: dominus.by
Аляксандар Весялоўскі