Некалькі дзясяткаў чалавек прыйшлі 22 лістапада ў Магілёўскую абласную бібліятэку на прэзентацыю новай манаграфіі археолага Ірыны Ганецкай «Глускі замак у святле археалагічных даследаванняў і пісьмовых крыніц».
«Глускі замак ніколі не быў такім важным у гісторыі краіны як Крэўскі, такім бліскучым, як Нясвіжскі. Ён быў адным з многіх, нічым асаблівым не адрозным. За сваё жыццё даведаўся і лепшыя, і горшыя часы. Для нас ён цікавы тым, што з усіх пунктаў гледжання гэта тыповы беларускі замак. Храналагічныя рамкі даследавання вызначаны 16-18 стагоддзямі, што адпавядае часу існавання помніка ў якасці феадальнай рэзідэнцыі», – гаворыцца ва ўступным слове ў кнізе.
Сістэматычнае комплекснае вывучэнне Глускага замка было пачата аўтарам у 1996 годзе і працягвалася да 2008 года. За гэты час праведзены раскопкі, апрацавана велізарная колькасць археалагічных знаходак, сабрана і вывучана больш за сто пісьмовых дакументаў, планаў, малюнкаў 16-20 стагоддзяў, якія тычацца гісторыі замка.
Як заявіла аўтар кнігі, манаграфія з’яўляецца выключна навуковым выданнем, але ў той жа час яна можа быць цікавая жыхарам Глуска і тым, хто цікавіцца яго гісторыяй. Ірына Ганецкая прадставіла відэапрэзентацыю праведзеных на месцы замка археалагічных раскопак, выявы знойдзеных артэфактаў, пісьмовых дакументаў аб старажытнай крэпасці, дзе зараз размяшчаецца стадыён. Паводле яе, самыя раннія знаходкі датуюцца пачаткам 16 стагоддзя. На аснове аналізу гэтых археалагічных матэрыялаў і сведчанняў пісьмовых крыніц Глускі замак паказаны як складаная шмат функцыянальная сістэма.
Кніга Ганецкай аб’ёмам 415 старонак у цвёрдай вокладцы накладам 300 асобнікаў выдадзена сёлета выдавецтвам «Беларуская навука». Прэзентацыя выдання ў Магілёве была наладжана Магілёўскай гарадской арганізацыяй «Таварыства беларускай мовы».
Уладзімір Лапцэвіч