Шмат хто, прачытаючы гэты артыкул, магчыма ўпершыню даведаецца пра нашага славутага земляка Мікалая Ястрэбскага (1808–1874) і адкрые для сябе асобу яркую, неардынарную, таленавітую. М. Ястрэбскі належыць да тых людзей, пра якіх гавораць: “ён быў першы!”
Першы пачаў даследаваць трываласць жалеза і сталі. Упершыню ў Расіі зрабіў даследаванні па дынаміцы машын. Выдаў першыя на рускай мове дапаможнікі па будаўнічаму майстэрству і па супоры матэрыялаў. Напісаў першыя нарысы па гісторыі механікі.
І пры гэтым быў таленавітым літаратарам. М. Ястрэбскі напісаў першыя тры раздзелы другога тома “Мёртвых душ”, ды так добра, што вядомыя ў той час літаратуразнаўцы, спецыялісты па творчасці М. В. Гогаля, не знайшлі ніякіх стылістычных і моўных адрозненняў ад гогалеўскага тэксту.
Мікалай Феліксавіч Ястрэбскі амаль тры дзесяткі год пражыў у Магілёве і быў тут пахаваны. Працяглы час даследчыкі яго жыцця, навукоўцы шкадавалі, што дакладна невядома месца яго пахавання. Пару год таму, пры інвентарызацыі каталіцкіх могілак па вуліцы Лазарэнкі ў Магілёве, магілёўскім аддзелам СПБ яно было знойдзена! З’явілася яшчэ адно месца на турыстычнай мапе Магілёва. Але не доўга цешыліся магілёўцы.
Віталіна Харкевіч19 сакавіка 2019 года я прыехаў на месца пахавання М. Ястрэбскага разам з пачынаючай краязнаўкай Віталінай Харкевіч, якая падрыхтавала на гарадскі конкурс навуковую працу пра славутага інжынера – магілёўца. Гэта апошняя дакладна вядомая дата калі бачылі надмагільны крыж на месцы пахавання М. Ястрэбскага.
Па прапанове дзяўчынкі і яе бацькоў было вырашана навесці парадак на месцы пахавання і вакол яго. Група школьнікаў з гімназіі № 4 г. Магілёва разам з настаўніцай, Віталіна з бацькамі і некалькі студэнтаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання 9.04.2019 г. паехалі на каталіцкія могілкі… і не знайшлі надмагільнага крыжа!
Безумоўна, школьнікі тэрыторыю добраўладкавалі, але яны ўвачавідку сутыкнуліся з фактам знішчэння нашай гістарычнай спадчыны. Маці Віталіны звярнулася да адказных асоб, напісала заяву ў міліцыю. Пачаліся пошукі крыжа. Але здаецца запозна. З’явілася ініцыятыва па аднаўленні яго на месцы пахавання М. Ястрэбскага. На маю думку неабходна больш падрабязна пазнаёміць чытачоў з дзейнасцю і творчасцю славутага магілёўца.
Нейкія вандалы зламілі крыж. Зараз магіла выглядае так.Мікалай Ястрэбскі нарадзіўся 10.07.1808 г. у Рэчыцкім павеце тагачаснай Мінскай губерні ў сям’і межавага суддзі Фелікса Іванавіча. Першапачатковую адукацыю, як і ўсе шляхецкія дзеці, Мікалай атрымаў дома. Потым паступіў у Віленскі універсітэт на фізіка-матэматычны факультэт, які скончыў у 1829 г. з дыпломам выдатніка. Затым адбыўся пераезд М. Ястрэбскага ў Пецярбург. 3 7 студзеня 1830 г. ён – навучэнец Інстытута Корпуса інжынераў шляхоў зносін. Гэты інстытут быў першай тэхнічная навучальнай установай Расійскай імперыі.
У 1832 г. М. Ястрэбскі скончыў інстытут першым па спісе (з выдатнымі адзнакамі) і стаў адным з тых выпускнікоў, імёны якіх за выдатныя поспехі ў навуках выбітыя на мармуровых дошках у канферэнц-зале інстытута. Пасля заканчэння інстытута М. Ястрэбскі застаўся ў ім у якасці выкладчыка па курсах будаўнічага майстэрства і практычнай механікі.
У 1833 г. М. Ястрэбскі ажаніўся. Ад гзтага шлюбу ў яго было дзве дачкі: Разалія і Марыя. Праз некаторы час пасля смерці жонкі М. Ястрэбскі ажаніўся другі раз і ад другога шлюбу нарадзілася пяць сыноў: Мікалай, Уладзімір, Канстанцін, Станіслаў, Фелікс.
У 1834 г. Ястрэбскі разам з іншымі маладымі выкладчыкамі Інстытута Корпуса інжынераў шляхоў зносін пачаў працаваць над апісаннем розных збудаванняў, рыхтаваць дапаможнік для навучэнцаў інстытута. Калектыўная праца маладых аўтараў з’явілася адным з першых навучальных дапаможнікаў па інжынернаму будаўніцтву, выдадзеных супрацоўнікамі інстытута на рускай мове. У ім Ястрэбскі напісаў чатыры раздзелы, дзе ён не толькі апісвае збудаванні, але і дае іх аналіз, падкрэслівае вартасць і недахопы, адзначае памылкі і тым самым засцерагае будучых інжынераў ад паўтарэння іх у практычнай дзейнасці.
Адначасова М. Ястрэбскі арганізоўваў і праводзіў доследы па вызначэнні трываласці будаўнічых матэрыялаў. Справа ў тым, што вісячыя масты, будаўніцтва якіх распачалі ў XIX ст., дазвалялі перакрываць значна большыя пралёты ў параўнанні з каменнымі і драўлянымі мастамі. Трэба было вывучыць уласцівасці новага ў той час будаўнічага матэрыялу – жалеза, якое ўжывалася пры вырабе ланцугоў. М. Ястрэбскі правёў асноўную частку выпрабаванняў і абагульніў іх вынікі. У справаздачы аб выніках доследаў М. Ястрэбскі зазначыў больш высокую трываласць рускага жалеза ў параўнанні з іншаземным. Выпрабаванні з’явіліся, па сутнасці, пачаткам арганізацыі механічнай лабараторыі ў інстытуце, якая пазней адыграла значную ролю ў будаўніцтве першых чыгунак, у развіцці будаўнічай механікі ў Расіі.
У 1836 г. былі надрукаваны запіскі М. Ястрэбскага аб пабудове дарог і мастоў. У 1837–1838 гг. выдадзены яго курс практычнай механікі ў двух тамах, які стаў першым навучальньім дапаможнікам па гэтым прадмеце. Дапаможнік напісаны на вопыце выкладання на працягу некалькіх гадоў практычнай механікі ў розных навучальных установах Пецярбурга: Інстытуце Корпуса інжынераў шляхоў зносін, Горным і Тэхналагічным інстытутах, Другім кадэцкім корпусе. І за яго аўтар атрымаў Дзямідаўскую прэмію.
Дзямідаўская прэмія ў дарэвалюцыйнай Расіі лічылася самай ганаровай навуковай узнагародай. Сёння яе можна параўнаць, хіба, толькі з Нобілеўскай. Працы выдатных вучоных, лаўрэатаў Дзямідаўскай прэміі – гэта заўсёды найвышэйшыя поспехі ў пэўнай галіне ведаў: М. Пірагова – у медыцыне, I. Сечанава – у фізіялогіі, Д.Мендзялеева – у хіміі, П. Чэбышава – у матэматыцы, Б. Якобі – у электратэхніцы, П. Аносава – у металургіі, А. Вастокава – у філалогіі. Кожны твор лаўрэата Дзямідаўскай прэміі – адкрыццё новага, нязведанага. Сярод іх М. Ястрэбскі – самы малады лаўрэат Дзямідаўскай прэміі 1839 г., яму тады споўніўся 31 год.
“Курс практычнай механікі” М. Ястрэбскага – адна з першых у Расіі кніг, прысвечаных механіцы машын. Спынімся толькі на двух асабліва важных раздзелах, прысвечаных дынаміцы машын і супору матэрыялаў.
Даследаванні М. Ястрэбскага па дынаміцы машын былі першымі ў Расіі. Вынікі гэтых даследванняў адлюстраваны ў артыкуле “Агульная тэорыя руху машын” і ў першых друх раздзелах ягонага “Курса практычнай механікі. Ч. 2”. Трэці раздзел гэтай кнігі з’яўляецца першым на рускай мове навучальным дапаможнікам па супоры матэрыялаў.
У 1843 г. М. Ястрэбскі быў зацверджаны прафесарам па курсах збудаванняў і практычнай механікі. Неўзабаве ім складзены “Атлас узорных механічных канструкцый” і тлумачальны тэкст да яго. У гэтым жа 1846 г. выдадзены двухтомны курс М. Ястрэбскага “Пачатковыя асновы агульнай і прыкладной механікі”. У ім упершыню ў навукова-тэхнічнай літарагуры электрычнасць прыгадваецца як патэнцыяльны рухач.
Паспяховая праца М.Ястрэбскага ў навучальных установах Пецярбурга неаднаразова адзначалася заахвочваныямі і ўзнагародамі. За выдатную службу яму тройчы была аб’яўлена манаршая ласка (1833, 1838, 1841), чатыры разы выдадзена грашовая прэмія па 600 рублёў (1834, 1836, 1839, 1842). Адзначым, што 600 рублёў – гадавы заробак памочніка прафесара капітана М. Ястрэбскага ў 1837 г. Галоўны кіраўнічы шляхоў зносін тройчы аб’яўляў яму падзяку за яго творы “Атлас рысункаў” (1834), “Курс практычнай механікі” (1838) і артыкулы, надрукаваныя ў “Часопісе шляхоў зносін” (1839). За старанную службу і працу ў інстытуце ён быў узнагароджаны ордэнам Св. Станіслава 3-й ступені (1837).
Адметным для вучонага быў 1847 год – нарадзіўся сын, якому ў гонар дзеда далі імя Фелікс. У гэтым годзе двойчы атрымаў узнагароды: ордэн Св. Ганны 3-й ступені (за выдатную педагагічную дзейнасць у кадэцкім корпусе) і знак бездакорнай службы за 15 гадоў. І раптам яго перавялі ў Магілёў на адміністрацыйна-інжынерную пасаду.
Як лічыць даследчыца А. Гусак, ад’езд з Пецярбурга нейкім чынам звязаны з дзейнасцю рэвалюцыянераў-петрашэўцаў і будучым судом над імі. Справа ў тым, што яго стрыечны брат I. Ястрэбскі быў актыўным удзельнікам гуртка М. Петрашэўскага. Як сведчыў петрашэвец Д. Ашхарумаў, на эшафоце I. Ястрэбскі стаяў побач з Ф. Дастаеўскім.
Сам жа М. Ястрэбскі свой ад’езд з Пецярбурга растлумачыў наступным чынам: “Я праслужыў пры інстытуце да канца 1847 года і застаўся б далей, калі б Богу не трэба было паслаць мне цяжкое сямейнае гора, пасля якога я не мог заставацца ў Пецярбурзе і вырашыў прасіць аб пераводзе ў акругу… З прафесараў я трапіў у начальнікі аддзялення і пераведзены ў Магілёў”.
17.01.1848 г. М. Ястрэбскі прызначаны начальнікам аддзялення XI акругі шляхоў зносін (Магілёўскай). Яго дзейнасць у Магілёўскай акрузе шляхоў зносін звязана з будаўніцтвам дарог, мастоў, плацін. Пад кіраўніцтвам М. Ястрэбскага пабудаваны шашы Магілёў–Кіеў, Магілёў–Бабруйск, Магілёў–Доўск, рэканструявана Бабруйская плаціна. Ім распрацаваны праекты мастоў на тэрыторыі Беларусі: праз Дняпро ў Магілёве, праз Дзвіну ў Віцебску. Мост праз Дняпро ў Магілёве, замест паромнай пераправы, быў пабудаваны ў 1860 г. Ён меў даўжыню больш за 190 метраў і восем пралётаў. Мост быў знішчаны ў 1941 г., падчас абароны горада ад гітлераўскіх захопнікаў.
3а работы па будаўніцтве дарог і мастоў М. Ястрэбскі быў узнагароджаны ордэнам Св. Станіслава 2-й ступені (1849) і ордэнам Св. Ганны 2-й ступені (1861). У Магілёўскай акрузе шляхоў зносін ён праслужыў 14 гадоў.
У лютым 1863 г. М. Ястрэбскі выйшаў у адстаўку ў чыне палкоўніка і застаўся ў Магілёве. Тут ён працягваў ажыццяўляць тэхнічны нагляд паравога млына, пабудаванага раней па яго праекце і пад яго кіраўніцтвам. Сур’ёзнае вывучэнне камерцыйнага боку гэтага прадпрыемства дазволіла М. Ястрэбскаму напісаць яшчэ адну кнігу – адзін з першых практычных дапаможнікаў “Галоўныя асновы двайной бухгалтэрыі”, апублікаваную незадоўга да яго смерці ў 1874 г.
М. Ястрэбскі з’яўляецца адным з першых гісторыкаў навукі і тэхнікі ў нашай краіне. Гэтымі пытаннямі ў тагачаснай Расіі мала хто займаўся. Першыя нарысы па гісторыі механікі належаць М. Ястрэбскаму. Яго часопісныя артыкулы “Кароткі агляд паступовага развіцця механікі ў старажытныя і найноўшыя часы”, “Гістарычныя звесткі аб вынаходстве і паслядоўных удасканаленнях паравых машын”, напісаныя даступна, папулярна і цікава. Член-карэспандэнт АН Украіны А. М. Багалюбаў пісаў: “Ястрэбскі з’яўляецца адным з першых, калі не самым першым рускім гісторыкам навукі, што ў пэўнай ступені адпавядала яго літаратурным інтарэсам”.
Заключныя словы гэтай цытаты звязаны з найцікавейшым эпізодам жыцця і дзейнасці М. Ястрэбскага. Ён быў вялікім аматарам мастацкай літаратуры, асабліва захапляўся творчасцю М. В. Гогаля і вельмі ўдала напісаў раздзелы да яго славутага рамана.
М. Ястрэбскі так тлумачыў сваё жаданне, чаму ён вырашыў дапісаць гэты твор: “Гогаль быў мой любімы пісьменнік, я доўга вывучаў яго, я ведаў амаль на памяць усе ягоныя творы, і асабліва першую частку “Мёртвых душ”; я зачараваўся гэтай першай часткай і адначасова страшэнна абураўся на Гогаля за ягоную “Перапіску з сябрамі” і за другую частку “Мёртвых душ”. Пад уплывам вядомага ліста Бялінскага я часта абдумваў, як бы належала перарабіць другую частку “Мёртвых душ”, каб яна сталася вартым працягам першай… Мне не каштавала вялікіх намаганняў перарабіць тры першыя раздзелы другой часткі. Калі б у мяне было больш часу, я перарабіў бы і апошнія раздзелы”.
Мікалай Феліксавіч меў рукапіс другога тома “Мёртвых душ”. У 1859 г. ён перапрацаваў рукапіс, штосьці дапісаў, зрабіў устаўкі і дапаўненні, выключыў некаторыя месцы і паказаў яго свайму сябру – дырэктару магілёўскай гімназіі М. Багаяўленскаму. Той, азнаёміўшыся з тэкстам, вырашыў, што гэта не падробка пад Гогаля, а сам Гогаль, і прапанаваў рукапіс надрукаваць. Ястрэбскі выказаўся супраць.
Праз два гады М.Багаяўленскага перавялі ў Пецярбург на пасаду дырэктара камерцыйнага вучылішча. Ён у студзені 1872 г. ў штомесячным гістарычным выданні “Руская даўніна” апублікаваў “Прыгоды Чычыкава, ці Мёртвыя душы. Паэма М. В. Гогаля. Новыя ўрыўкі і варыянты”. Прадмова рэдакцыі завяршалася словамі: “Усе зазначаныя намі ўрыўкі – нязначныя паводле памеру, але ў іх іскрыцца непераймальны, памерлы з Гогалем гумар, на дзіва трапнае адлюстраванне і мастацкае ўзнаўленне асоб, мясцін, усяго, да чаго дакранаўся пэндзаль геніяльнага майстра”. Новыя ўрыўкі і варыянты атрымалі высокую ацэнку на старонках газет і часопісаў.
М. Ястрэбскаму прыйшлося пераконваць выдаўцоў часопіса і літаратараў у тым, што гэта не твор вялікага пісьменніка, а яго ўласны твор напісаны пад М. Гогаля. У выніку ўсебаковай і працяглай дыскусіі спецыялісты вызначылі, што М. В. Гогаль не з’яўляецца аўтарам “Новых урыўкаў і варыянтаў “Мёртвых душ”. Прэса мусіла прызнаць, што чытач мае справу з падробкай.
Трэба адзначыць, што нават пасля выступленняў М. Ястрэбскага ў друку некаторыя аўтары настойліва працягвалі сцвярджаць, быццам “Новыя ўрыўкі і варыянты “Мёртвых душ” мог напісаць толькі Гогаль і ніхто іншы. Так, Г. П. Данілеўскі сцвярджаў (1873): “Перш за ўсё для таго каб напісаць гэтыя “ўрыўкі”, трэба, здаецца, мець нешта большае, чым адно жаданне пажартаваць са свайго даверлівага і незгаворлівага сябра: трэба ведаць і любіць Расію так, як яе ведаў і любіў Гогаль, трэба быць сапраўды рускім чалавекам, г. зн. рускім з дзяцінства і праз усё далейшае жыццё, трэба мець вялізную пісьменніцкую практыку, якая дала б магчымасць гэтак па-майстэрску выпрацаваць кожную фразу гэтых урыўкаў і, нарэшце, … дробязь! … трэба мець хоць часцінку таленту Гогаля”. І такая дробязь – “часцінка таленту Гогаля” – у М. Ястрэбскага, як бачым, была.
Гісторыя сведчыць аб магчымасці гарманічнага спалучэння тэхнічнага і гуманітарнага ў творчасці Асобы (з вялікай літары). Такой асобай у гісторыі Магілёва быў навуковец і літаратар Мікалай Ястрэбскі, пра магілёўскі перыяд жыцця якога шмат хто не ведае. Ён нарадзіўся ў Рэчыцкім павеце ў 1808 г., 27 год прапрацаваў у Магілёве і тут памёр у 1874 г. Тое, што ім зроблена заслугоўвае, каб у гонар М. Ястрэбскага ў нашым горадзе з’явіўся помнік.
Пытанне аб ўшанаванне памяці М. Ястрэбскага не аднаразова ўздымалася ў Магілёве па ініцыятыве прафесара БРУ Р. Ігнацішчава, разглядалася на пасяджэнні тапанімічнай камісіі пры Магілёўскім гарвыканкаме ў 2008 г. (11.04 і 12.08.2008), дзе была падтрымана ідэя ўшанавання памяці Ястрэбскага. Установам вышэйшай адукацыі прапанавалі заснаваць памятную прэмію імя Ястрэбскага для маладых вучоных і студэнтаў.
Краязнаўцы шмат год вялі настойлівыя пошукі на старых магілёўскіх могілках месца яго пахавання. Знайшлі, але ў выніку злачынных дзеянняў страчаны надмагільны крыж. Дзякуй, што захавалася яго выява і ёсць магчымасць супольна, грамадой, аднавіць і зноў усталяваць на месцы пахавання гэтага таленавітага інжынера і літаратара.
Ігар Пушкін – кандыдат гістарычных навук,
дацэнт кафедры гуманітарных дысцыплін