Былы сьледчы на судзе параўнаў зьбіраньне доказаў ягонай віны з тым, як гэта рабілася ў 1937 годзе.
У Магілёве асудзілі на 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму капітана юстыцыі з упраўленьня Сьледчага камітэту Магілёўскай вобласьці Юрыя Клопава. Яго прызналі вінаватым у замаху на завалоданьне чужой маёмасьцю шляхам падману ў асабліва буйным памеры (махлярстве) і падбухторваньні да даваньня хабару ў буйным памеры. Таксама Клопава пазбавілі службовага званьня «капітан міліцыі».
Віна былога сьледчага ў атрыманьні хабару паўторна ў асабліва буйным памеры не была даказаная, за гэты эпізод яго апраўдалі. Справу разглядаў Ленінскі раённы суд Магілёва.
Афіцыйнай інфармацыі пра затрыманьне Клопава не было. Як вынікае з прысуду, яго затрымалі 24 траўня 2019 году.
Паводле адваката падсуднага, Клопава затрымалі за падбухторваньне да даваньня хабару аднаго з пацярпелых, які «быў блізкі да органаў КДБ і пазьней у КДБ зьвярнуўся». Як сьцьвярджае адвакат, іншыя эпізоды злачыннай дзейнасьці Клопава «былі падабраныя», яго абгаварылі трое чалавек і «суд пачуў» довады абароны пра гэта. 7-гадовае пакараньне адвакат называе «перамогай», бо абвінавачаньне прасіла падсуднаму 12 гадоў.
«У атрыманьні хабару ён катэгарычна не прызнаў віны, і яе доказаў не было, — кажа адвакат Клопава. — На адных паказаньнях яго зьбіраліся прыцягваць да крымінальнай адказнасьці, прычым адзін зь фігурантаў зьмяніў паказаньні ў судзе».
Сам абвінавачаны, якога на судовым працэсе трымалі ў клетцы, заявіў, што дасьць камэнтар па справе, калі да яго прыйдуць у турму. Вырак судзьдзі Ігара Швэдава ён зьбіраецца абскарджваць, на гэта ў яго ёсьць 10 дзён.
Tut.by пісаў, што ў сваім апошнім слове на судзе Клопаў заявіў, што яго арыштавалі на падставе паказаньняў «мярзотнікаў» і параўнаў мэтады зьбіраньня доказаў віны з тым, як тое адбывалася ў 1937 годзе. Ён казаў, што зь яго «ня трэба рабіць сакральнай ахвяры перадвыбарнай кампаніі пэўных кандыдатаў» і прасіў судзіць яго «за тое, што ён учыніў». Спасылаўся на словы Аляксандра Лукашэнкі пра фальсыфікацыі падчас расьсьледаваньня крымінальных спраў і казаў, што «яны нічога ня значаць», раз ён абвінавачаны.
Родныя Юрыя Клопава ня згодныя з прысудам, лічаць абвінавачаньні незаслужанымі, але адмовіліся гаварыць з журналістамі, патлумачыўшы гэты тым, што «праўды яны не напішуць».
Фота: Радыё Свабода
Крыніца: Радыё Свабода