У мастацкім музеі імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах 16 верасня адбудзецца адкрыццё выставы серыі работ “Вяртанне” мясцовай мастачкі Ларысы Журавовіч. На сваіх палотнах мастачка рэканструявала вобразы хрысціянскіх храмаў, якія раней дзейнічалі на тэрыторыі Бялыніцкага раёна.
Усяго такіх храмаў было дзевятнадцаць, адпаведна, столькі ж карцін і намалявала мастачка. Большасць з іх выканана па ўспамінах старых жыхароў Прыдруцкага краю. Як адзначае газета “Зара над Друццю”, менавіта гэтым і каштоўныя прадстаўленыя на выставе палотны, бо ўжо нідзе не захавалася дакгладнага дакументальнага апісання гэтых храмаў.
Ларыса Журавовіч нарадзілася ў 1965 годзе ў Бялынічах. Мастачка і зараз стала пражывае на сваёй малой радзіме.
Ларыса Віктараўна скончыла мастацкае аддзяленне Рэспубліканскай школы-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. Ахрэмчыка (1983), аддзяленне графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (1989). Вучылася ў творчых акадэмічных майстэрнях Беларусі (1994). Член БСМ (1993).
Працуе ў галіне станковай графікі (літаграфія, гуаш). З 1994 г. — выкладчык Бялыніцкай дзіцячай школы мастацтваў.
Галоўная тэма твораў — вясковы нацюрморт: “Нацюрморт з салам” (2008), “Нацюрморт з капустай” (2007), “Нацюрморт з лямпай” (2006). Піша партрэты блізкіх людзей: маці, бацькі, а таксама аўтапартрэты. У апошнія гады актыўна звяртаецца да пейзажа, які стаў крыніцай новых адчуванняў і перажыванняў: “У жніўні” (2004), “Вясновае неба” (2007).
Удзельнiк раённых, рэспублiканскiх i замежных выстаў. За цыкл афортаў “Восень. Зямля і людзі” на Усесаюзнай выставе дыпломных работ узнагароджана бронзавым медалём Акадэміі мастацтваў СССР (1989), у 2000 г.- памятным знакам “2000 гадоў хрысьціянства”; 2016 г.- нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.
Удзельніца пленэраў, прысвечаных памяці В.К. Бялыніцкага-Бірулі (1997—2001). Лаўрэат прэміі “Чалавек года” Бялыніцкага раёна ў сферы культуры (2001). Узнагароджана дыпломам, медаллю і прэміяй імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі (2002). Аўтар герба і сцяга г. Бялынічы.
Работы знаходзяцца ў Бялыніцкім мастацкім музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, Магілёўскім музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, Магілёўскай карціннай галерэі імя П.В. Масленікава, Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (г. Мінск), Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, у прыватных зборах Польшчы, Вялікабрытаніі, Германіі, Швецыі, Швейцарыі, Аўстраліі.
Напярэдадні Дня беларускага пісьменства, які прайшоў у Бялынічах 6 верасня 2020 года, у выдавецтве «Беларусь» выйшаў мастацкі альбом «Ларыса Журавовіч».
Урачыстае адкрыццё выставы “Вяртанне” адбудзецца а 11 гадзіне 16 верасня па адрасе: г.Бялынічы, вул. Савецкая, 13а (Мастацкі музей імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах). Уваход у музей падчас адкрыцця выставы свабодны.
Ілона Бегановіч
фото mogilevnews.by