Ва ўмовах колькаснага і якаснага скарачэння кадраў праходзяць урачыстыя мерапрыемствы ў сувязі са святкаваннем 108-годдзя з дня заснавання ўніверсітэта.
Па звестках сайту ўніверсітэта ўрачыстае адкрыццё дошкі гонару і ўрачысты сход са ўзнагроджваннем членаў калектыву, якія дасягнулі значных поспехаў у сваёй працоўнай дзейнасці адбылося ў сераду, а ў чацвер адкрыецца цэнтр методык дашкольнай адукацыі і святочны канцэрт.
Узнагароджанне лепшых выкладчыкаў і спецыялістаў універсітэта – вартая справа, бо плён іх працы сапраўды ўражвае, вось толькі колькасць прэтэндэнтаў на ўзнагароды з кожным годам імкліва змяншаецца як па прычынах аб’ектыўнага старэння педагагічных кадраў, так і з-за іх задужа высокай крытычнасці да таго, што адбываецца ў краіне, і смеласці гэта выказваць.
Усіх тых, у каго баліць сэрца за лёс універсітэта не можа не хваляваць павольнае паміранне геаграфічнай, гістарычнай, філалагічнай, матэматычнай адукацыі ва ўстанове. За апошнія гады з універсітэта зволілася, а часам папросту збегла значная частка высокакваліфікаваных навуковых і педагагічных кадраў. Толькі сёлета ў Польшчу выехала некалькі выкладчыкаў, яшчэ больш перайшло ў іншыя ўстановы вышэйшай адукацыі з лепшымі маральным кліматам, туды дзе заслугі мераюць не толькі адданасцю афіцыйнай палітычнай лініі, але і рэальнымі дасягненнямі.
Ва ўмовах кадравага дэфіцыту кіраўніцтва ўніверсітэта сёлета правяло татальную атэстацыю кадраў і “з-за немагчымасці праводзіць ідэалагічную работу са студэнтамі” і “сімпатыі да палітычнай апазіцыі” працягвае звальняць вольналюбівых дацэнтаў і прафесараў. Знамянальна і паказальна тое, што рыхтуючыся да чарговай гадавіны з дня заснавання кіраўніцтва прымусіла зволіцца двух вядомых летапісцаў гісторыі МДУ імя А. Куляшова Аляксандра Агеева і Ігара Шаруху, якія ўжо не працуюць але, па нашай інфармацыі, працягваюць пісаць летапіс установы па за яе сценамі.