Весткі з ўніверсітэтаў вобласці ў пачатку снежня аказаліся вельмі супярэчлівымі. Лепшым студэнтам Магілёўшчыны 2021 года прызнана студэнтка МДУ імя А. Куляшова Дар’я Францікава, а тым часам некаторыя студэнты яе факультэта эканомікі і права шукаюць іншыя месцы для працягу сваёй вучобы, бо катастрафічна не хапае кваліфікаваных выкладчыкаў.
Абласны этап Рэспубліканскага конкурсу “Студэнт года” адбыўся на базе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Удзельнікамі яго сталі сем прадстаўнікоў студэнцкай моладзі Магілёўскай вобласці, якія не толькі дабіліся высокіх вынікаў у вучобе, але і праявілі сябе ў розных сферах дзейнасці, у тым ліку даказалі сваю лаяльнасць пануючым у краіне парадкам. Студэнты на конкурсе распавядалі пра свае дасягненні ў вучобе, творчасці, навуцы, спорце і грамадскай дзейнасці, спаборнічалі ў прамоўніцтве, праявілі крэатыў у відэароліках, дэманстравалі свае таленты.
Па выніках конкурсных выпрабаванняў званне пераможцы атрымала Дар’я Аляксандраўна Францікава – студэнтка факультэта эканомікі і права МДУ імя А. Куляшова. Яна будзе прадстаўляць наш рэгіён на рэспубліканскім фінале конкурсу.
Дар’я, як падаецца, перамагла заслужана, бо мае вопыт падобных правільных конкурсаў. Яна яшчэ школьніцай была «Міледзі БРСМ 2018», як студэнтка выйграла конкурс «Лепшы аратар», стала адным з пераможцаў завочнага этапа алімпіяды “Саюзная дзяржава – учора, сёння, заўтра”. Дар’я малайчына. Яна дзяўчына і прыгожая, і абаяльная, і разумная, словаў няма. Да ўсяго, яна яшчэ і намеснік старшыні прафсаюзнага камітэта студэнтаў універсітэта. Да яна ўся ў трэндзе. У гэтай кампаніі з такім вопытам Дар’я відаць сапраўды была мацнейшай. Пажадаем ёй поспеху на рэспубліканскім этапе.
Але ці ў чэснай барацьбе праходзіў сам сёлетні конкурс. Ці мелі магчымасць студэнты з іншымі, чым праўладныя, поглядамі паўдзельнічаць у конкурсу? Пытанне рытарычнае. Апазіцыйных, да проста вольналюбівых студэнтаў з акрэсленай дэмакратычнай пазіцыяй на гарматны стрэл не падпускалі да спаборніцтва.
Каб зразумець, якая сітуацыя цяпер склалася ў МДУ імя А. Куляшова, дастаткова сказаць, што студэнты таго самага факультэта эканомікі і права, дзе вучыцца сёлетняя пераможца, ходзяць па іншых універсітэтах Магілёва і просяцца перавесціся туды на вучобу. А на пытанні пра прычыны яны распавядаюць, што іх выкладчыкаў пазвальнялі за палітыку, і цяпер няма каму чытаць ім лекцыі.
Пра рэпрэсіі супраць выкладчыкаў і студэнтаў МДУ імя А. Куляшова ўжо сказана дастаткова многа, і каб не паўтарацца, адзначым толькі тое, што былы вядучы ўніверсітэт горада проста на вачах губляе свой аўтарытэт. Кіраўніцтва ўсіх універсітэтаў краіны выконвае загады зверху, праводзіць так званую “выхаваўчую і ідэалагічную працу” са студэнтамі і выкладчыкамі, але такіх памераў выслужванне перад уладу маючымі, такога чынашанавання, такой боязі любога вольналюбства няма, як падаецца, больш нідзе ў вобласці. У Куляшова вельмі добра ўмеюць праводзіць конкурсы і ўсялякія шоў, а вось чытаць лекцыі ў ім ужо давяраюць простым аспірантам, бо адток кадраў з Куляшова катастрафічны.
Вось такімі супярэчлівымі атрымаліся мае думкі пасля весткі пра сёлетні конкурс “Студэнт года”. Але нічога не зробіш, жыццё сёння такое ж супярэчлівае.
Тася Лемон