З 13 кастрычніка не працуе ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. Куляшова адзін з лепшых выкладчыкаў гісторыка-філалагічнага факультэта дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі Леанід Сугака. Яго звальненне знамянуе новы этап рэпрэсій у калісьці слаўнай сваімі навуковымі і педагагічнымі традыцыямі навучальнай установе.
Першымі летам 2020 года звольніліся выкладчыкі, якія катэгарычна не прымалі адназначную падтрымку кіраўніцтвам універсітэта палітычнай лініі ўлады ў дачыненні да вынікаў выбараў і шляхоў выйсця з палітычнага крызісу.
З пачаткам заняткаў таго году ўзмацнілася лінія на выцісканне з універсітэта іншых свабодалюбівых супрацоўнікаў, арышты студэнтаў непасрэдна на занятках і ў студэнцкіх інтэрнатах. Частка палітычна актыўных студэнтаў апынулася ў войску, а іншыя вымушаныя былі эміграваць.
У маі 2021 года была праведзена татальная атэстацыя выкладчыкаў, частковая або поўная не атэстацыя тых, каго кіраўніцтва ўстановы палічыла не зусім лаяльнай у дачыненні да дзейнай улады. Для аргументацыі сваіх дзеянняў кіраўніцтва МДУ імя А. Куляшова карысталася прыватнымі акаўнтамі ў сацыяльных сетках, найперш у фэйсбуку. У выніку гэтым летам універсітэт згубіў прафесараў А. Агеева і І. Шаруху, дацэнта В. Еўмянькова, шэраг выкладчыкаў і студэнтаў збег у Польшчу.
Восенню рэктарат перайшоў да тактыкі непрацягу кантрактаў супрацоўнікам, якія на думку кіраўніцтва заўважаны “у сімпатыях да палітычнай апазіцыі”.
Менавіта так і быў звольнены Леанід Сугака – адзін з лепшых дацэнтаў факультэта, навуковец, чыя дысертацыя была прызнана лепшай дысертацыяй 2015 года ў намінацыі «гуманітарныя навукі», вопытнага педагога, які працуе са студэнтамі з 2001 года. Усё гэта не прыпыніла жаданне кіраўніцтва ўніверсітэта ачысціцца ад непаслухмянага выкладчыка, які летам 2020 публічна на сходзе калектыву задаваў нязручныя пытанні прадстаўнікам адміністрацыі прэзідэнта, а перад пачаткам гэтага навучальнага года – самаму рэктару, наважыўся падпісаць зварот у абарону бел-чырвона-белага сцягу.
Як жа вырашае кадравы голад кіраўніцтва МДУ?
Рэктарат пачаў датэрмінова выклікаць супрацоўніц з дэкрэтнага адпачынку, спадзяецца на маладых аспірантаў, якія заткнуць прагалы ў кадрах. Вось толькі калі моладзь набярэцца вопыту, і ў каго яна будзе вучыцца? Да таго ж, ніхто не гарантуе, што маладыя навукоўцы будуць менш свабодалюбівымі, і што працэс кадравага самазнішчэння ўніверсітэта не зацягнецца?